Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/200

Гэта старонка не была вычытаная

ЗАМКОВАЕ БУДАЎНІЦТВА XIII–XVI СТ.

аднаго на адно, аж да суцэльных перайманьняў некаторых дэталяй у паасобных будынках. Трэба, аднак, заўважыць, што скарыстаўшы такую самую як у Кракаве сыстэму абаронных прылад у пэўных частках сваіх муроў, Вільня ўсё-ж ня злучыла гэтых прылад з агульнай сыстэмай конструкцый, якія былі-б цалком аналёгічны кракаўскім. У тэй самай частцы муроў і ўмацаваньняў яна выяўляе і свой уласны, зусім самастойны архітэктурны шлях, прыкладам чаго найлепей зьяўляецца разьмешчаная калісьці ў тым самым месцы брама Субач, якая можа лічыцца за ўзор цалком орыгінальнага беларускага ваеннага архітэктурнага стылю, ня гледзячы на тое, што таксама і ў ёй ужыта аналёгічная сыстэма абаронных прылад.

У аснову гэтае брамы быў пакладзены досыць звычайны тып простакутнага ў пляне будынку з двохспадным дахам, у агульным характары якога, асабліва ў высокіх ступеньчатых фронтонах, яшчэ цалком захаваны даўнейшыя рысы старажытнага замковага будаўніцтва, пагрунтаванага на готыцкіх формах. З надворнага боку да абодвых рагоў гэтае пабудовы былі далучаны дзьве надзвычайна масыўныя круглыя вежы, перакрытыя шырокімі конусападобнымі дахамі. Уся горняя частка будынку, а таксама рагавых веж, аналёгічна прылеглым да брамы часткам муроў, была значна высунута наперад на такіх самых ступеньчатых кронштэйнах, паміж якіх знаходзіліся машыкулі, а вышэй — даўгі шэраг бойніц. Такім чынам, і наўкола ўсяго будынку брамы тут была працягнута лінія абаронных прылад, беспасрэдна прадоўжаная з бліжэйшых муроў, якая займала ўвесь горні паверх. У сярэдняй частцы будынку надворны фасад яго меў адразу пад машыкулямі вялікае чатырохкутнае вакно, па абодвых бакох якога на малюнку Смуглевіча відаць два аналёгічнае формы паглыбленьні, — магчыма, сьляды двох іншых, пазьней закладзеных вокан. Здаецца, што ў гэтым, сярэднім паверсе знаходзілася нейкае жылое памяшканьне, што ў кожным выпадку пагаджаецца з весткамі, нібыта ласьне тут у свой час меў кватэру віленскі кат з сваімі памоцнікамі[1]. Ніжэй памянёных вокан, на мяжы другога і першага паверхаў, праходзіў магутны гзымс, абапёрты на два шырокія пілястры і два кронштэйны, паміж якіх знаходзілася самая брама. Дольнія часткі веж пасярэдзіне мелі круглыя бойніцы, па тры ў кожнай вежы. Нарэшце, самыя базы веж былі абведзены падвойным поясам гзымсаў.

  1. 1-я войтаўская кніга, 248, № 247, якую цытуе Homolicki.