Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/202

Гэта старонка не была вычытаная

ЗАМКОВАЕ БУДАЎНІЦТВА XIII–XVI СТ.

готыцкага ў сваёй аснове будаўніцтва. Выявіўшыся асабліва выразна ў Вільні, тэндэнцыя гэтая шмат што тлумачыць нам у пазьнейшай архітэктуры таксама і іншых мясцовасьцяй, і толькі ўлічваючы значэньне готыцкай традыцыі ў будынках, прызначаных для абаронных мэт, мы здолеем зразумець, чаму, не зважаючы на зьяўленьне рэнэсансавых форм у беларускай архітэктуры XVI ст., тая самая эпоха зьявілася адначасна і эпохай найболей інтэнсыўнага разьвіцьця позьня-готыцкіх конструкцый, захаваных тут нават аж да XVII сталецьця, а таксама, чаму ў Беларусі зьявіліся магчымымі такія амаль што фантастычныя спалучэньні рэнэсансу і готыкі, як напрыклад замак у Міры, якім у іншых краінах нельга знайсьці ніякіх аналёгій.

7.

Замак у Міры.

У першай палове XVI сталецьця, апроч зазначанае намі паступовае дыфэрэнцыяцыі фортыфікацыйнага і палацавага будаўніцтва, для беларускай замковай архітэктуры зьяўляецца характэрным таксама і яшчэ адзін паралельны процэс. Памянёная дыфэрэнцыяцыя магла адбывацца выключна ў дзяржаўным замковым будаўніцтве, помнікі якога мы разглядалі вышэй, што тлумачыцца тымі шырокімі магчымасьцямі, якія мела гэтае будаўніцтва ў такіх, напрыклад, местах як Вільня, дзе значныя памеры ўсяе падлеглае абароне мескае тэрыторыі дазвалялі, умацаваўшы гэтую тэрыторыю, трактаваць асяродкавыя замковыя будынкі ўжо як нешта цалкам адменнае ад гэтых абаронных прылад. Як мы ўжо зазначалі, такая магчымасьць склала ў далейшым аснову для ўжо самастойнага росту з аднаго боку палацавага, а з другога — цытадэльнага будаўніцтва, — але таксама выключна ў дзяржаўным маштабе.

Нешта зусім іншае мы знаходзім, аднак, у прыватных замковых будовах, першае зьяўленьне якіх у Беларусі прыпадае, мусіць, не раней як на канец XV сталецьця, а найбольшы росквіт — ласьне на XVI, а часткова ўжо і на XVII. У процілегласьць дзяржаўнай архітэктуры, пабудовы гэтыя павінны былі задавальняць болей вузкім, абмежаваным мэтам. Збудаваныя, звычайна, у параўнальна мала заселеных мясцовасьцях, — калі нават у местах, дык у такіх, якія былі пазбаўлены сваіх уласных умацаваньняў, — яны былі змушаны пастарому злучаць у сабе жылое памяшканьне — рэзыдэнцыю ўласьніка — з належнай фортыфікацыяй гэтага памяшканьня, няўхільнай у тыя трывожныя часы, калі нават прыватны ўласьнік ніколі ня быў гарантаваны ад небясьпекі нападу на сваю маемасць ня толькі з боку