Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/209

Гэта старонка не была вычытаная

ЗАМАК У МІРЫ.

Усе пяць веж па агульнай форме сваёй больш-менш аднастайныя, і амаль што аднолькавае вышыні. У падставах яны чатырохкутныя, а далей пераходзяць у васьмісьценьнікі, прычым у паўночнай, заходняй і паўднёвай вежах пераход гэты прыпадае прыблізна на 2/3 агульнае вышыні, ва ўсходняй вежы — на 1/3, і ў галоўнай вежы над брамай — на палову. Згары ўсе вежы, апроч усходняй, пакрыты нізкімі шатрамі ў выглядзе васьмікантовых пірамід; усходняя вежа, найболей запсаваная, мае наагул зусім зруйнаваную горнюю частку[1]; але бясспрэчна, што таксама і яна была пакрыта калісьці аналёгічным шатром.

У дэкорацыйнай апрацоўцы веж, а таксама ў формах іх вокан, адчуваюцца спозьненыя рысы готыцкіх і нават яшчэ болей раньніх, романскіх мотываў. Факт гэты варты асаблівае ўвагі, бо ў даным выпадку Мірскі замак ня ёсьць выпадковае зьявішча, але выяўляе супольную з некаторымі іншымі беларускімі пабудовамі XVI сталецьця асаблівасьць. У гэтую эпоху, адначасна з зьяўленьнем італьлянскіх рэнэсансавых форм, у Беларусі досыць упарта захоўваліся таксама і формы папярэдняга готыцкага стылю, а часам і паасобныя яшчэ болей раньнія дэталі, прычым нярэдка агульныя готыцкія конструкцыі злучаліся з досыць блізкай да романскага стылю апрацоўкай паасобных частак. Тлумачэньня гэтае зьявы трэба, мабыць, шукаць ня толькі ў традыцыйнай сталасьці найболей распашыраных і аблюбёных форм, але таксама і ў тым, што беларуская архітэктура знаходзілася ў залежнасьці ад пэўных заходня-эўропейскіх форм і конструкцыйных прыёмаў ня толькі шляхам бсспасрэднага ўплыву іх праз чужаземных будаўнічых, але таксама і шляхам болей павольнага пераходу іх праз некаторыя прамежкавыя пункты (для італьлянскіх форм тут можна паказаць, напрыклад, на Кракаў, а для нямецкіх — на Рыгу), што павінна было абумовіць у некаторых выпадках як вядомы “провінцыялізм” беларускага будаўніцтва ў стасунку да кіраўнічых цэнтраў заходняэўропейскае архітэктуры, выяўлены ў нязвычайных для Захаду стылістычных злучэньнях, — так і вядомую спозьненасьць саміх стылістычных зьяў у архітэктуры Беларусі ў параўнаньні яе да архітэктуры Заходняе Эўропы. У кожным разе, у вежах Мірскага замку мы бачым якраз такія спозьненыя стылістычныя рысы, а разам з тым і вядомую стылістычную мешаніну, характэрную між іншым таксама і для некаторых іншых помнікаў ужо не замковае, а царкоўнае беларускае архітэктуры XVI сталецьця, што мы ўбачым далей. Готычныя скляпеньні ў нутраной конструкцыі і готычныя лукі вокан злучаюцца тут з падобнымі да романскіх дэкорацыйнымі дэталямі ў выглядзе аркавых фрызаў, паасобных паўцыркульных арачак і значнага ліку плоскіх дэкорацыйных ніш, адзначаных сьветлымі плямамі тынкаваньня на тле чырвоных цагляных муроў.

  1. Яшчэ раз нагадваем, што ўсё нашае апісаньне пагрунтавана на фотографіях і рысунках, зробленых у 1915 годзе I. Іодкоўскім і, значыцца, падае дэталі тагочаснага выгляду будынку. Пазьнейшыя разбурэньні ў цягу апошняе вайны шмат што ў ім грунтоўна зьмянілі.