Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/215

Гэта старонка не была вычытаная

ЗАМКОВАЕ БУДАЎНІЦТВА XIII–XVI СТ.

зьмешчаных на заднім пляне. Толькі заходняя вежа, якая стаіць паасобна, мае досыць багатую дэкорацыю, ня горшую ад галоўнай вежы. Асноўным мотывам яе зьяўляюцца такія самыя няглыбокія атынкаваныя нішы розных памераў і форм, але разьмяшчэньне іх зусім сымэтрычнае і аднолькавае на ўсіх фасадах. Розьніца ад галоўнае вежы выяўляецца ў формах затынкаваных палос між паверхамі, побач з якімі праходзяць вузкія фрызы, складзеныя ня з трыкутнікаў, але з паглыбленых простакутнікаў, а таксама ў апрацоўцы горняга васьмісьценьніку, якая мае болей сваеадменны характар: шырокія нішы канчаюцца тут падвойнымі аркамі, абапёртымі ўсярэдзіне на маленькія кронштэйны; над нішамі навакол усяго васьмісьценьніку абведзены орнамэнтальны паясок з простакутных затынкаваных паглыбленьняў; і нарэшце згары вежа закончана масыўнаю аркатураю на шырокіх ступеньчатых кронштэйнах, якая падтрымлівае выносны гзымс.

У трох іншых вежах арацоўка фасадаў ня столькі грае чыста-дэкорацыйную ролю, колькі падкрэсьлівае і выдзяляе самыя іх конструкцыйныя формы. Паўднёвая вежа ня мае такога выразнага як у іншых вежах падзелу на паверхі, і распадаецца на дзьве асноўныя часткі — дольні чатырохсьценьнік і горні васьмісьценьнік; першы мае на кожнмм фасадзе па дзьве вялікія, адкрытыя здолу нішы, што агулам робіць уражаньне як-быццам дзьвёх вузкіх лапатак, злучаных паўцыркульнымі аркамі з рагавымі пілястрамі; у васьмісьценьніку на аналёгічныя пілястры пакладзена яшчэ болей моцная ніж у заходняй вежы аркатура з выносным гзымсам. Усходняя вежа, некаторыя дэталі якой былі зьнішчаны, адрозьніваецца вельмі нізкім асноўным чатырохсьценьнікам, які дасягае толькі паловы вышыні палацу, і вельмі высокім васьмярыком; дэкорацыя разьмешчана ў другім і чацьвертым паверхах і складаецца з звычайных ніш, але трэці паверх адмяжоўваецца ад чацьвертага фрызам, складзеным з круглых паглыбленьняў. Нарэшце паўночная вежа зусім ня мае аздоб, і толькі ў другім паверсе сярэдняя частка выдзелена з дапамогай дзьвёх няшырокіх лапатак.

Апісаныя намі дэкорацыйныя схэмы веж Мірскага замку нельга вытлумачыць цалком з якіх-колечы чужаземных першаўзораў, хаця наагул аздоба будынкаў з дапамогай больш-менш аналёгічных няглыбокіх ніш вядома ў розных краінах у некаторых помніках готыцкага будаўніцтва. Як на бліжэйшыя прыклады ў архітэктуры Польшчы і Украіны можна спаслацца хаця-б на Collegium Jagellonicum у Кракаве, замковую браму ў Шыдлове, Міхалаўскую царкву ў Кодні, або Багаяўленскую царкву ў Астрозе; але ва ўсіх гэтых і іншых выпадках аналёгічны дэкорацыйны прыём ужываецца болей прымітыўна і аднастайна, у выглядзе шэрагаў ніш аднолькавых памераў і форм, у параўнаньні