Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/219

Гэта старонка не была вычытаная

ЗАМКОВАЕ БУДАЎНІЦТВА XIII–XVI СТ.

самага места. Але ў прыватных замковых будовах такіх варункаў, зразумела, ня было; на параўнальна нязначнай тэрыторыі, паранейшаму павінны былі быць згрупаваны як абаронныя, так і жылыя будынкі, што вымагала беспасрэднага іх спалучэньня ў адзін больш-менш монолітны масыў. Зьявіўшыся ў Беларусі наагул досыць позна, прыватныя замкі мелі магчымасьць цалкам скарыстаць у сабе ўсе папярэднія стылістычныя плыні, — як бачым на прыкладзе Мірскага замку — аж да Рэнэсансу ўключна; аднак, у плянах іх няўхільна павінна была захавацца вядомая архаічнасьць, бо кожны з іх меў характар зусіх самастойнае фортыфікацыйнае адзінкі, дзе аналёгічна першапачатковым гаспадарскім замкам выгодная і нават пышная рэзыдэнцыя ўласьніка мусіла быць абавязкова злучана з самым надзейным яе ўмацаваньнем на выпадак якое-колечы небясьпекі.

Тым часам, рысы новага стылю не дазволілі прыватным замкам XVI сталецьця быць літаральным паўтарэньнем старадаўніх узораў, і ў гэтым стасунку яны выяўляюць істотную розьніцу. Старыя вялікакняскія замкі, клясычным узорам якіх зьяўляецца замак у Троках, мелі ў сваіх комбінаваных замкова-палацавых будынках поўную стылістычную суцэльнасьць, якой у прыватных замках XVI сталецьця ўжо няма. Калі ў абаронных частках Мірскага замку і захаваны яшчэ больш-менш старадаўнія элемэнты ў характары традыцыйнае замковае готыкі, — дык у конструкцыі палацавага будынку ўжо выяўляецца залежнасьць ад новых стылістычных запатрабаваньняў пазьнейшага часу, прадыктаваных прыкладамі лепшых дзяржаўных, гаспадарскіх будоў. У гэтым, зразумела, была аснова вядомае стылістычнае супярэчнасьці і разам з тым выразная адзнака блізкага заняпаду замковага будаўніцтва ў Беларусі, ня гледзячы на дасканаласьць паасобных дэталяй.

Дзяржаўная замковая архітэктура Беларусі ўвесь час мела магчымасьць захоўваць чыстыя стылістычныя формы. У процэсе распаду яе ў XVI сталецьці зьяўленьне рэнэсансавых форм супала якраз з тым момантам яе паступовага разьвіцьця, калі з прычыны належных спагадных варункаў формы гэтыя можна было скарыстаць у адпаведных будовах чыстага палацавага характару. Пры гэтым лёгка было ўнікнуць тае стылістычнае мешаніны, якая няўхільна ў выпадку, калі рэнэсансавы будынак павінен быць злучаны з умацаванай цытадэляй. Ня маючы належнае свабоды стылістычнага аформленьня, прыватнае замковае будаўніцтва змушана было зрабіць вядомы крок назад, але і не хацела адмовіцца ў апрацоўцы палацавых частак ад ужываньня новых архітэктурных форм, вынікам чаго зьявілася спалучэньне ў аднэй будове розных стылістычных элемэнтаў.

Трэба зазначыць, аднак, што задача гэтая вырашана была досыць удала. З нашага погляду, Мірскі замак, напрыклад, можна