Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/231

Гэта старонка не была вычытаная

БЕЛАРУСКАЯ ГОТЫКА XV–XVI СТ.

налічнікам просты готыцкі портал з моцна выцягнутым вострым лукам упэўненага і цьвёрдага абрысу. Аднак, у званіцы таго самага касьцёлу, можа толькі крыху болей позьняй, г. зн. канца XV сталецьця, паўцыркульная форма арак, нават у чыста дэкорацыйных дэталях, мае ўжо поўную перавагу над востралукам. Званіца гэтая, якая да цяперашняга часу не захавалася, бо яна была разабрана ў 1869 годзе, вядома нам толькі з аднаго старадаўняга малюнку[1]. Але малюнак гэты настолькі дакладны і ясны, што ён цалком можа граць ролю докумэнтальнае крыніцы для поўнага аднаўленьня як агульнага знадворнага выгляду, гэтак і стылістычных асаблівасьцяй былага будынку. Перш за ўсё, тут ізноў зьвяртае ўвагу хутчэй цывільны, а не царкоўны яго характар. Званіца стаяла зусім асобна ад касьцёлу, выходзячы галоўным свам фасадам у вузкі завулак, і разьмяшчалася поперак яго шырыні, маючы ў дольняй частцы сваёй невялікую браму з паўцыркульнай аркай. Уздымаючыся прыблізна ў два разы вышэй за вакольныя будынкі, яна такім чынам мела выгляд надбрамнае вежы. У аснову яе быў пакладзены чатырохкутны плян, на якім самы корпус званіцы быў змураваны ў выглядзе масыўнага чатырохсьценьніку з плоска сьцятымі рагамі, вышынёй на тры паверхі, горні з якіх быў роўны двом дольнім разам па сваёй вышыні. У першым паверсе знаходзілася брама, а з пярэдняга фасаду да яго была шчыльна далучана нізкая прыбудоўка аднаго з суседніх будынкаў. Фасад быў пакінуты бяз жадных аздоб, і толькі з рагоў меў патоўшчаньні ў выглядзе двох кантовых выступаў (лік кантаў на малюнку паказаны нявыразна). Згары ён быў абмежаваны няшырокім, крыху высунутым наперад гзымсам. Другі ярус званіцы меў па рагох два тонкія, мабыць, шасьцікантовыя дэкорацыйныя слупкі, якія падымаліся да паловы вышыні трэцяга ярусу. Кожны з гэтых слупкоў быў складзены з дзьвёх частак, прычым горнія былі болей тонкія за дольнія; пераход ад аднэй да другой, якраз на мяжы паверхаў самае вежы, быў адзначаны як-быццам маленькімі стрэшкамі кантовае формы, якія пакрывалі дольнія часткі слупоў. Нарэшце згары слупы канчаліся дэкорацыйным перакрыцьцём у выглядзе шырокага паяска і полусфэры. Самы ярус меў, мабыць, у сабе нейкае нутраное памяшканьне, бо ў цэнтры галоўнага фасаду тут знаходзілася готыцкае вакно з адзіным ва ўсім будынку востралукам і аналёгічнай апрацоўкай пераплёту. Над гэтым вакном па ўсёй шырыні фасаду праходзіла досыць шырокая дэкорацыйная паласа, аздобленая лёгкім, празрыстым орнамэнтам. Тло яго было цалкам затынкавана і выдзялялася з цёмнае роўніцы цаглянага муру; на гэтым тле орнамэнт быў выкладзены таксама

  1. Рысунак гэты рэпродукаваны ў Weber’a: Wilno, № 31.