Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/238

Гэта старонка не была вычытаная

КАСЬЦЁЛ ГАННЫ Ў ВІЛЬНІ.

сярэдзіне і служыць для падтрыманьня горняе яго часткі. У сувязі з гэтым падзелам у асяродку фасаду ствараюцца паасобныя вокны, з якіх два горнія закончаны востралукамі, але сьцяты ў асновах адпаведнымі часткамі кілепадобнае аркі, у той час як дольнія захоўваюць у асновах простакутную форму, згары-ж абмяжоўваюцца архівольтам паўцыркульнае аркі. Усё гэта робіць у выніку вельмі напружаны і моцны эфэкт перакрэсьленых між сабою і супярэчных адна аднэй архітэктурных ліній, паміж якіх адбываецца, быццам, нейкая нутраная барацьба, дзе канчатковую перамогу мае нарэшце моцны лук асяродкавае кілепадобнае аркі, сьмела вынесены ўгару як база для надбудаванай над ім завостранай лёгкай вежы.

На самым грабяні аркі, падтрыманы яшчэ і цэнтральным пілястрам, знаходзіцца кантовы, калісьці дэкораваны кронштэйн, які падтрымлівае высокую, таксама кантовую аснову сярэдняе вежы. З абодвых бакоў аснова гэтая абхоплена яшчэ раз паўтораным мотывам кілепадобнае аркі, якая абапёрта ў верхавіны дзьвёх іншых, стрэльчатых арак, перакінутых ад кронштэйну да бакавых пілястраў, з маленькімі дэкорацыйнымі шпілямі ў бакавых пунктах абапоры. Уся гэтая лёгкая, празрыстая аснова выносіць на сябе грацыёзны кантовы корпус самае вежы, які імкнецца ўгару сваім завостраным, багата дэкораваным шпілем.

З бакоў гэтай асяродкавай вежы знаходзяцца дзьве іншыя, меншых памераў, асновы якіх пакладзены на горнія часткі абрамаваньняў бакавых вокан. Асновы гэтыя спачатку высунуты наперад, у выглядзе прызматычных “ліхтароў”, прарэзаных стрэльчатымі ваконцамі, далей ідуць досыць высокія, мала дэкораваныя чатырохсьценьнікі, і нарэшце ўсё закончана крыху меней стромкімі як у асяродкавай вежы, але таксама завостранымі і паготыцку дэкораванымі шпілямі. Нарэшце, з рагоў усяго фасаду агульнае імкненьне ўсіх яго асноўных ліній па вэртыкалі яшчэ раз падкрэсьлена і асабліва падмацавана з дапамогаю яшчэ дзьвёх высокіх складаных веж. Асновамі іх зьяўляюцца бакавыя часткі фасаду, падзеленыя дэкорацыйнымі паглыбленьнямі і фігурнымі рагавымі пілястрамі. У дольніх частках саміх веж на гэтыя пілястры ізноў абапёрты шпілі і востралукі кілепадобнае формы, якія абкружаюць асноўныя васьмісьценьнікі веж. Вышэй падымаюцца болей тонкія, дэкораваныя васьмісьценьнікі, з вузенькімі праёмамі, закончанымі паўцыркульнымі лукамі. На самай гары нарэшце ізноў уздымаюцца тонкія, вострыя шпілі ў складаных пяцідольных комбінацыях.

Агульнае ўражаньне ўсяе гэтае лёгкае і прыгожае будовы — амаль што бездакорна ў сваёй гармоніі і стылістычнай вытрыманасьці. Трывожная барацьба горызонталяй і вэртыкаляй у дольняй частцы фасаду, усё-ж аднак сьмела прарэзанай моцным аб-