Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/247

Гэта старонка не была вычытаная

БЕЛАРУСКАЯ ГОТЫКА XV–XVI СТ.

Пачынаючы з XVI сталецьця далейшы шлях беларускай царкоўнай архітэктуры якраз і быў пракладзены далейшым ростам гэтае традыцыі з перанясеньнем у царкоўныя будынкі ўсіх тых прыёмаў, форм і прынцыпаў, якія выпрацаваліся ў Беларусі за доўгі час амаль што выключна замковага будаўніцтва. Калі спачатку распашырэньне каталіцтва і прынясло з сабой на беларускі грунт гатовыя чужыя формы царкоўнае архітэктуры, — дык ужо параўнальна ў хуткім часе архітэктура Беларусі і ў гэтай галіне варацілася ў сваё ўласнае рэчышча. Не зважаючы на ўсю моц першапачатковых нямецкіх уплываў, можна ўсё-ж лічыць, што нямецкая царкоўная готыка неяк не ўвайшла органічна ў беларускае будаўніцтва, пакінуўшы ў ім хіба толькі зусім мала зьвязаныя з пазьнейшымі помнікамі ўзоры: формы замковае і ваеннае готыкі, хоць і пазычаныя ў сваёй аснове ад крыжакоў, але за доўгі час органічна пераапрацаваныя, былі тут значна мацней, — так што калі на рубяжы XV і XVI сталецьцяў, у рознастайнай складам свайго насельніцтва Вільні, яшчэ і было магчыма зьяўленьне такога будынку, як касьцёл Ганны, — дык быць адзінай крыніцай далейшае эволюцыі ён ужо ня мог. Усё папярэдняе беларускае будаўніцтва ўжо падрыхтавала да таго часу належны грунт, калі ў монумэнтальным царкоўным будаўніцтве магчыма было разьвіцьцё таксама і зусім самастойнага архітэктурнага стылю, хоць і пагрунтаванага на готыцкай аснове, але апрацаванага пераважна на ўзорах якраз не царкоўнае, але замковае готыкі. Той факт, што амаль адначасна з касьцёлам Ганны ў Вільні паўстае Бэрнардынскі касьцёл, — зьяўляецца найлепшым довадам гэтага зацьвярджэньня.

3.

Цэрквы чатырохвежавага тыпу: Сынкавічы, Мала-Мажэйкава, Супрасьль.

Характэрны для беларускае готыкі тып цытадэльнага царкоўнага будынку, умацаванага з дапамогай рагавых веж, які ў першы раз намеціўся ў конструкцыі віленскага Бэрнардынскага касьцёлу, знайшоў сваё канчатковае выяўленьне ў шэрагу пазьнейшых пабудоў, дзе ўжо ўсе чатыры рагі простакутнае ў пляне царквы набылі абаронныя вежы, пры захаваньні позьня-готыцкіх сыстэм у кладцы асноўных муроў і ў скляпеньнях. Да нашага часу на тэрыторыі Заходняе Беларусі захаваліся тры помнікі гэтага тыпу: Міхалаўская царква ў Сынкавічах (Слонімскага павету, на Горадзеншчыне), царква ў Мала-Мажэйкаве (Лідзкага павету на Віленшчыне), і нарэшце царква Добравешчаньня ў Супрасьлеўскім манастыры (Беластоцкага павету на Горадзеншчыне). Гэтыя тры будынкі, вельмі падобныя між сабой у агульных конструкцыйных і