Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/248

Гэта старонка не была вычытаная

ЦАРКВА Ў СЫНКАВІЧАХ.

стылістычных рысах, і толькі часткова розныя ў некаторых дэталях, як-быццам вызначаюць нейкія асноўныя этапы ў паступовым разьвіцьці і аформленьні таго сваеадменнага стылю беларускіх готыцкіх будоў, які, выходзячы з кораняў ранейшага замковага будаўніцтва, стварыў у першай палове XVI сталецьця найболей орыгінальныя ўзоры беларускае архітэктуры, цалком непадобныя ані да воднага з ліку вядомых нам архітэктурных помнікаў іншых краін[1].

Першы з памянёных намі будынкаў — Міхалаўская царква ў Сынкавічах — зьяўляецца, мабыць, і хронрлёгічна першым у шэрагу аналёгічных пабудоў, дзе новая чатырохвежавая конструкцыя ў першы раз была канчаткова замацавана ў вельмі простых, але закончаных і монумэнтальных формах. У агульных рысах царква гэтая мае вядомае падабенства да Бэрнардынскага касьцёлу, — але ўжо робіць значны крок наперад у сэнсе сваёй конструкцыйнай суцэльнасьці і стылістычнай вытрыманасьці, што выяўляецца ў шмат болей компактным агульным абрысе, у зграбнасьці паасобных частак будынку, і ў поўнай пропорцыяльнасьці яго нутранога і знадворнага падзелу. На жаль, для бясспрэчнага датаваньня гэтага помніку няма ніякіх крыніц. Калі ў шэрагу чатырохвежавых будынкаў мы аддаем яму першае месца, — дык гэта выключна на падставе стылістычных адзнак, і на падставе гэтых самых даных і наагул больш або менш дакладна мы маем магчымасьць дапасаваць яго да пэўнага часу, адкідаючы ўсе тыя фантастычныя дапушчэньні, якія часам адносілі яго пабудову ледзь не да X–XI сталецьця[2]. Агульная готыцкая конструкцыя Сынкавіцкае царквы ўжо сама па сабе паказвае на пэўную эпоху; але прысутнасьць у гэтым будынку характэрных позьня-готыцкіх скляпеньняў, асабліва так званага “крышталёвага” зорчатага скляпеньня ў дзяканіку, яшчэ болей звужвае тыя хронолёгічныя межы, у якіх паўстаньне такога будынку можна лічыць магчымым: для Беларусі — гэта канец XV або пачатак XVI сталецьця, прычым якраз аб XVI сталецьці хутчэй за ўсё сьведчаць, у дадатак да сыстэмы скляпеньняў, тыя іншыя конструкцыйныя рысы царквы, якія выяўляюцца ў ёй у параўнаньні да Бэрнардынскага касьцёлу, і якія змушаюць лічыць яе хаця-б крыху пазьнейшай за гэты апошні.

У стасунку да Бэрнардынскага касьцёлу царква ў Сынкавічах здаецца лёгічным вынікам далейшага разьвіцьця аналёгічнае архітэктурнае схэмы. У аснове яе мы бачым той самы простакутны масыў, пакрыты высокім двохспадным дахам і ўмацаваны ра-

  1. Апісаньне ўсіх гэтых будынкаў, разам з значным лікам фотографічных здымкаў, рысункаў, плянаў і перакрояў падана ў памянёных намі ніжэй артыкулах A. Szyszki-Bohusza: Warowne zabytki architektury kościelnej, і И. Иодковского: Церкви, приспособленные к обороне в Литве и Литовской Руси.
  2. Пар. думкі розных аўтараў, цытаваныя Иодковским, стар. 290.