Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/250

Гэта старонка не была вычытаная

ЦАРКВА Ў СЫНКАВІЧАХ.

насьці, асобныя часткі пляну нават страцілі тут тое значэньне, якое яны мелі ў запраўдных бізантыцкіх сыстэмах, так што агульнае расплянаваньне будынку хутчэй набыло ў даным выпадку характар нейкае старасьвецкае для свайго часу рэмінісцэнцыі, а не запраўднае спробы пагрунтаваньня новае конструкцыі на старадаўнім пляне. Так, напрыклад, нутраныя слупы будынку, — досыць тонкія, васьмікантовыя, параўнальна мала моцныя, — бясспрэчна, і не маглі-б на сябе ўтрымаць важкую масу бізантыцкага перакрыцьця з яго падпорнымі аркамі, парусамі і падкумпальным барабанам, і адразу відаць, што для гэтае мэты яны ніколі і не прызначаліся, што бізантыцкае іх разьмеркаваньне не выклікалася жаданьнем пакласьці на іх запраўдную бізантыцкую сыстэму. Наадварот, яны з самага пачатку былі прызначаны для іншае ролі, якая з посьпехам на іх і ўскладзена: замест бізантыцкага кумпальнага пакрыцьця яны трымаюць шэрагі готыцкіх крыжовых скляпеньняў з нэрвюрамі, болей высокіх у асяродкавым нэфе і болей нізкіх у бакавых, прычым у апошніх з надворнага боку скляпеньні гэтыя абапёрты аб бакавыя муры, і як звычайна ў готыцкіх помніках яшчэ падтрыманы знадворку з дапамогай невялічкіх контрфорсаў, разьмешчаных па два на кожным бакавым фасадзе. Усходнія слупы злучаны паміж сабой, а таксама з бакавымі мурамі з дапамогай готыцкіх востралукаў, якія абмяжоўваюць згары пралёты альтарных апсід. Нарэшце, пры звычайным пакрыцьці дзьвёх апошніх, у дзяканіку мы яшчэ раз знаходзім чыста готыцкае зорчатае скляпеньне. Такім чынам, ня гледзячы на бізантыцкі плян, нутраная прастора царквы мае цалкам готыцкае аблічча, што яшчэ болей падкрэсьлена, апроч конструкцыйных прыёмаў, яшчэ і готыцкай стрэльчатай формай вокан.