Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/255

Гэта старонка не была вычытаная

БЕЛАРУСКАЯ ГОТЫКА XV–XVI СТ.

чацьвертага рогу будынку да іншых пабудоў, у даным выпадку — да кляшторных корпусаў. Але гэта было не заўсёды магчыма і не заўсёды мэтазгодна, — дый нельга забывацца на тое, што віленскі Бэрнардынскі касьцёл быў усё-ж змураваны ў цэнтры вялікага места, дзе ня было такой няўхільнай патрэбы ў цалком непадступнай фортыфікацыі. З гэтай прычыны, трохвежавая конструкцыя Бэрнардынскага касьцёлу зрабілася як-бы прамежкавай на шляху да канчатковага аформленьня беларускага тыпу цытадэльнае царквы, наступным-жа і апошнім крокам было лёгічнае далучэньне чацьвертае абароннае вежы, што і замацавала тыя цалком закончаныя чатырохвежавыя конструкцыі, якія захаваліся да нашага часу ў Сынкавічах, Мала-Мажэйкаве і Супрасьлі, г. зн. ужо ня ў местах, але ў невялічкіх, мала заселеных мястэчках.

Такім чынам, чатырохвежавыя абаронныя цэрквы Заходняе Беларусі, трэба, на нашую думку, амаль што цалком выводзіць з ваенна-замковага будаўніцтва, і толькі часткова браць на ўвагу іх значна меней істотную сувязь з папярэдняй чыста царкоўнай архітэктурай. Зразумела, конструкцыя такога, напрыклад, будынку, як віленскі Бэрнардынскі касьцёл, мае ў сабе некаторыя рысы залежнасьці ад ранейшае касьцёльнае готыкі нямецкага тыпу; таксама, будынак Сынкавіцкае царквы можна лічыць за вядомае сынтэтычнае спалучэньне бізантыцкага царкоўнага пляну з апрацоўкай яго ў характары готыцкага царкоўнага будынку ў нутраных частках. Але ў агульнай трактоўцы ўсяго суцэльнага архітэктурнага організму беларускае чатырохвежавае царквы XVI сталецьця гэтыя элемэнты ўсё-ж ня граюць кіраўнічае ролі. Як пэўны сваеадменны тып, чатырохвежавая царква цалком вырастае з папярэдняе абароннае архітэктуры[1].

З такога погляду асаблівую цікавасьць набываюць для нас і некаторыя іншыя, раней не адзначаныя намі дэталі ў апрацоўцы будынку Сынкавіцкае царквы, якія яшчэ выразьней выяўляюць у ім рысы замковай архітэктурнай традыцыі ня толькі ў конструкцыйных прыёмах, але таксама нават і ў зусім незалежных ад гэтых прыёмаў формах надворнае дэкорацыйнае аздобы. Як мы ўжо казалі, асноўным элемэнтам апрацоўкі фасадаў зьявіўся тут аркавы пояс з бойніцамі, які апроч свайго абароннага прызначэньня, часткова граў таксама і дэкорацыйную ролю. Да вядо-

  1. Між іншым, лічым патрэбным адзначыць, што гэтыя нашы пагляды на беларускую готыку, таксама як і наогул на беларускую архітэктуру XI–XVI ст., былі ў свой час выкладзены ў популярнай форме М. Касьпяровічам, якому яшчэ з 1923 г. нашыя “Нарысы” вядомы былі ў рукапісу. Гл. яго артыкулы: “Беларускае мастацтва і яго дасьледчыкі” — “Савецкая Беларусь” за 1924 год, №№ 197 (1194) і 198 (1195) ад 27–28 жніўня; “Беларуская архітэктура” — выд. Віцебскага Акруговага Т-ва Краязнаўства, Віцебск, 1925; “Асноўныя моманты гісторыі беларускага дойлідзтва” — “Полымя” за 1927 г. № 5, стар. 183 і наст.