Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/267

Гэта старонка не была вычытаная

БЕЛАРУСКАЯ ГОТЫКА XV–XVI СТ.

формы надворнай яго конструкцыі. Перш за ўсё, тут варты ўвагі асноўныя пропорцыі ўсяе царквы. Базылікальная выцягнутасьць будынку, пры болей вузкіх адносна заходнім і ўсходнім фасадах, надае яму значна большую стройнасьць у параўнаньні да ранейшых помнікаў. Вузкія фасады якбыццам сьціснуты тут паміж рагавых веж, што, не зважаючы на іх горызонтальны падзел, адразу асабліва ўзмацняе асноўныя вэртыкалі будынку. Апошнія, перш за ўсё, выяўлены ў вежах, якім наагул аддана вельмі значнае месца ва ўсёй композыцыі царквы. Захоўваючы абароннае сваё прызначэньне, вежы ў той самы час і дакладна ўзгоднены тут з агульным характарам фасадаў і, нават, чыста дэкорацыйна трактаваны, асабліва ў горніх сваіх частках. Апроч таго, асноўная роля іх у будынку яшчэ болей пасілена значнай іх вышынёй, большай за вышыню сярэдняга даху, а таксама далучэньнем да звычайных чатырох рагавых веж яшчэ аднэй пятай, асяродкавай вежы. Падругое, усё гэта мае сьціслую сувязь з зусім новым характарам перакрыцьця як асноўнага корпусу будынку, так і паасобных веж. У папярэдніх чатырохвежавых цэрквах мы бачылі высокія двохспадныя дахі і параўнальна нізкія конусападобныя перакрыцьці ў вежах. У Супрасьлеўскай царкве ўся гэтая сыстэма значна болей складаная: асноўны двохспадны дах перацяты папярочным перакрыцьцём, якое выходзіць на бакавыя фасады ў выглядзе асобных дадаткаў з самастойнымі фронтонамі; на гэтым перакрыжжы зьмешчана памянёная намі пятая вежа, якая грае конструкцыйную ролю цэнтральнага кумпалу; нарэшце вежы маюць складаныя ярусныя пакрыцьці з фігурнымі галоўкамі і высокімі шпілямі.

Асабліва цікавым тут можна лічыць зьяўленьне пятае вежы, якая здаецца як-быццам зусім нечаканым дадаткам да ўсталяванага чатырохвежавага тыпу. Але яна ня мае характару выключна дэкорацыйнага элемэнту, бо яна органічна зьвязана з нутраным ладам будынку, займаючы ў ім месца звычайнага кумпалу, і тым самым значна відазьмяняючы ўвесь падзел яго нутраной прасторы. Аснова яе вынесена ў гару з дапамогай цэнтральных слупоў і пакладзеных на слупы абапорных арак, і высунута праз грэбень даху ў выглядзе высокага двох’яруснага васьмісьценьніку. З нутранога боку васьмісьценьнік гэты мае кумпальнае скляпеньне з росьпісам, асьвятленае праз вокны яго дольняга ярусу, а над скляпеньнем знаходзіцца яшчэ адно памяшканьне. З бакоў ён аздоблены дэкорацыйнымі нішамі і зубчатымі фрызамі, згары-ж пакрыты кантовай галоўкай, якая нясе на сябе высокае складанае завяршэньне ў выглядзе аналёгічных, паступова паменшаных васьмісьценьнікаў і галовак, закончаных шпілем. Уся гэтая вежа, зразумела, ужо ня гра-