Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/271

Гэта старонка не была вычытаная

БЕЛАРУСКАЯ ГОТЫКА XV–XVI СТ.

ны пракладкамі жалязьняковае цэглы ў выглядзе сетчатага рысунку з ромбаідальных фігур.

Апрацоўка заходняга фасаду першапачаткова мела, мабыць, крыху іншы характар, — але зьмененая пазьнейшай прыбудоўкай яна дакладна нам цяпер невядома. У кожным разе, аналёгічна Мала-Мажэйкаўскай царкве, тут быў калісьці абаронены ўваход, які закрываўся пад’ёмнай жалезнай заслонай на ланцугох, для чаго былі спэцыяльныя прылады на хорах, а вышэй яго яшчэ і цяпер відаць напалову заслоненае дахам прыбудоўкі круглае вакно, з бакоў якога зьмяшчаюцца дзьве вялікія бойніцы. Ніякіх дэкорацыйных дэталяй заходні фасад ня мае, у той час як альтарная апсіда з супроцьлеглага боку будынку апрацавана больш-менш таксама, як і бакавыя фасады.

Незалежна ад апрацоўкі, самая конструкцыя альтарнае часткі надзвычайна цікава. У пляне, як мы ўжо зазначалі, альтар мае тут бізантыцкі патройны падзел, але цэнтральная вялікая апсіда цалкам пануе тут над бакавымі. Апошнія маюць вельмі нязначныя памеры, і як-бы заціснуты паміж асяродкавай апсідай і ўсходнімі вежамі ў выглядзе маленькіх прыбудовак пяцісьценнае формы. Такое сваеадменнае ператварэньне бізантыцкае альтарнае схэмы дазваляе бачыць і ў гэтай частцы будынку рысы вядомай набліжанасьці да ўзораў драўлянага будаўніцтва, дзе вельмі часта бакавыя альтарныя памяшканьні знаходзяцца ў зусім аналёгічных маленькіх прыбудоўках з бакоў вялікай цэнтральнай апсіды, прычым і самая кантовая форма апсід лёгічна грунтуецца ў гэтых выпадках на конструкцыйных магчымасьцях дрэва. Скарыстаньне такой альтарнай сыстэмы драўлянага будаўніцтва, пры запазычаньні іншых драўляных форм, магло тым лягчэй адбыцца ў Супрасьлі, што і ў драўлянай архітэктуры сыстэма гэтая была конструкцыйна зьвязана з традыцыйным бізантыцкім мотывам, і значыцца ня была ў супярэчнасьці да агульнага супрасьлеўскага пляну.

Адзначым, нарэшце, яшчэ адну вартую ўвагі дэталь у надворным абліччы Супрасьлеўскае царквы: гэта ўжо памянёныя намі дэкорацыйныя фрызы, складзеныя з шэрагу падвойных зубчыкаў у выглядзе маленькіх простакутных выступаў, пад якімі знаходзяцца абапорныя цагліны. Хаця ў Супрасьлі аздоба гэтая і зроблена ў цаглянай кладцы, аднак у сваім пахаджэньні яна, бясспрэчна, можа быць зьвязана ізноў-жа з пашыранымі ў драўляным будаўніцтве зубчатымі гзымсамі або накладкамі, што найболей выразна якраз у тых частках будовы, якія мы лічым магчымым выводзіць з драўляных форм, бо ў гэтых мясцох зубчатая дэкорацыя зьмяшчаецца ласьне там, дзе аналёгічная орнамэнтыка запраўды сустракаецца ў драўляных будынках. У іншых частках Супрасьлеўскае царквы яна магла