Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/31

Гэта старонка была вычытаная

3.

Эмалёвыя вырабы VI-VIII сталецьцяў.

Сярод пазьнейшых курганных знаходак Беларусі ў першую чаргу трэба выдзеліць у паасобную групу тыя найбольш старадаўнія бронзавыя прадметы, аздобленыя выемчатай эмальлю, якія на думку А. Сьпіцына належаць да ліку прадметаў літоўскае культуры, і, значыцца, павінны быць датаваны VI-VIII сталецьцем[1]. Прадметы гэтыя ў досыць значнай колькасьці трапляюцца па Прыпяці і Нёмну, таксама на Віленшчыне і Барысаўшчыне і характарызуюцца сваім уласным, асаблівым стылем, які не знаходзіць сабе аналёгій у іншых беларускіх старажытнасьцях.

З іх ліку аднымі з найболей цікаўных зьяўляюцца падвескі, знойдзеныя ў курганох каля вёскі Мяжаны Сьвянцянскага павету на Віленшчыне[2]. Адна з іх складаецца з поўкруглага бронзавага сэгмэнту, па хордзе якога па канцох і ў сярэдзіне разьмешчаны невялічкія кружкі; да гэтых кружкоў прыстаўлены тры роўнабочныя трыкутнікі з зьлітымі разам вугламі; паміж кружкоў праходзяць бронзавыя стрыжні ламанае формы, а ніжэй іх — два трыкутнікі з увагнутымі бакамі; аналёгічны ламаны стрыжань ідзе пасярод сэгмэнту да асяродкавага кружка, самы-ж сэгмэнт, у сваю чаргу запаўняюць два няправільныя трыкутнікі; пасярод дугі сэгмэнту знаходзіца маленькае вушка. Усе тры кружкі, а таксама чатыры нутраныя трыкутнікі маюць аздобы з выемчатай эмалі чырвонага колеру; апроч таго, асяродкі кружкоў адзначаны крошкамі з белай эмалі, прычым апошняя зьмяшчаецца не ў самастойных гнёздах, але проста ў паглыбленьнях, выціснутых у чырвонай эмалі.

Другая падвеска агульнай формай падобна да першай, але адрозьніваецца ад яе ў дэталях. Асновай яе зьяўляецца таксама сэгмэнт, толькі не праразны, а ўсьцяжны, цалком заліты эмальлю чырвонага колеру ў аднэй палове і зялёнага у другой; у дольняй частцы гэты сэгмэнт пераходзіць у тры пастаўленыя побач крыжы з пашыранымі канцамі, у форме звычайных так званых "пэрскіх" орнамэнтальных крыжоў, якія, на нашу думку, лепей, можа, зваць проста "ўсходнімі"; сваімі дольнімі канцамі крыжы гэтыя зьліваюцца ў адну вузкую пласьцінку; асяродкі-ж іх маюць невялічкія чатырохкутныя паглыбленьні, якія першапачаткова былі запоўнены эмальлю.

Трэцяя мяжанская падвеска па форме сваёй значна прасьцей

  1. Працы першага зьезду дасьледчыкаў беларускае архэолёгіі і архэографіі. Коштам Інстытуту Беларускае Культуры. У енску, 1926. Стар. 28.
  2. Ф. В. Покровский. К исследованию курганов и городищ, на восточной окраине современной Литвы. "Труды IX Археологического С’езда в Вильне". Т. II. М, 1897. Стар. 70. Табл. XI, малюнкі 18, 19, 20 і 20а.