адзінкавы характар. Нёманскі раён па колькасці і рознастайнасьці эмалёвых вырабаў зьяўляецца найболей багатым і цікаўным, прычым ён ахапляе досыць шырокую краіну паміж Нёмнам і Заходняй Дзьвіной; нязначны лік знаходак паходзіць тут з літоўскае тэрыторыі, большасьць-жа - з кургановых пахаваньняў Віленшчыны, Віцебшчыны і Меншчыны[1]. У раёне Акі значная большасьць эмалёвых вырабаў знойдзена сярод прадметаў Машчынскага гарадзішча ў Масальскім павеце Калускае губэрні[2], г. зн. на мяжы сучаснае этнографічнае Беларусі, прычым у іншых частках трапляюцца толькі адзінкі, магчыма, занесеныя з гэтага асяродку. Нарэшце, дняпройскі раён мае найлепшыя выемчатыя эмалі сярод прадметаў мяжыторскга скарбу і наагул з Кіеўскае акругі[3].
На нашую думку, пералічаныя тры раёны адны толькі і павінны лічыцца месцамі пераважнага выбару такіх прадметаў, прычым, аднак, варта ўвагі, што кожны з іх мае свае ўласьцівасьці і асаблівасьці ў самых іх формах. Нёманскі раён, г. зн. амаль што выключна рэчы з беларускіх знаходак, дае найбольшую рознастайнасьць тыпаў і часта найлепшыя па тэхніцы вырабы; толькі тут, між іншым, сустракаюцца розныя ўзоры ажурных кружкоў, а таксама формы, характэрныя для мяжанскіх падвесак, якія ў іншых раёнах значна меней дакладны і робяць уражаньне досыць грубых перайманьняў. Знаходкі Машчынскага гарадзішча ў некаторых выпадках зьвязаны з нёманскімі тыпамі, але, апроч таго, для іх хактэрны трыкутныя ажурныя фібулы, магчыма - позьня-гоцкага тыпу, якія сустракаюцца таксама і ў раёне дняпроўскім. Супольнымі для ўсіх трох раёнаў пры найбольшай, аднак, пашыранасьці толькі ў двох апошніх, зьяўляюцца маленькія падвескі ў выглядзе трыкутных пласьцінак з крыжыкамі па канцох, прадстаўленыя ў нёманскім раёне аднэй з мяжанскіх знаходак. Апошняя форма знаходзіць сабе некаторыя аналёгіі сярод каўкаскіх прадметаў[4] і мае, магчыма, усходняе пахаджэньне, чым і тлумачыцца большая пашыранасьць яе ў раёнах дняпроўскім і окскім, ніж у нёманскім. Што-ж датычыць іншых, паказаных намі вышэй, орнамэнтальных тыпаў, аналёгіі да якіх мы знаходзілі ў старажытнасьцях Сярэдняе Эўропы, дык гэтыя тыпы, наадварот, хутчэй за усё маглі ісьці з Захаду і ў першую чаргу зьяўляцца ў раёне нёманскім, г. зн. у Беларусі, адкуль шляхам далейшага пашырэньня яны маглі ўжо заходзіць на верхавіны Акі, а таксама ісьці на поўдзень па плыні Дняпра.