супроцьлеглыя канцы кожнае часткі маюць у сваю чаргу маленькія кручкі, з дапамогай якіх абедзьве часткі можна злучыць між сабою; асяродквая частка кожнае з палавінак аздоблена тугою сьпіральнаю абвіўкаю з тонкага сярэбранага дроту. Магчыма, што пры злучэньні палавінак абруч гэты мог ужывацца ў якасьці пояса, кожная-ж палавінка ў асобку магла служыць і нашыйнаю грыўняй.
У далейшым разьвіцьці гэтага тыпу формы абвівак застаюцца ў агульных рысах нязьменнымі. Зьмяняецца толькі характар дроту, які бывае трохкантовым, чатырохкантовым і круглым, а таксама спосаб замацаваньня яго па канцох абвіўкі, прычым у большай частцы ён прылучаецца да асноўнага абруча з дапамогаю маленькіх бочкападобных кальчужак з орнамэнтальнымі паяскамі. Асабліва орыгінальную і характэрную форму набывае пры гэтым досыць часты тып затвору: з аднаго боку абруч канчаецца звычайным кручком; з другога канца знаходзіцца даволі значных памераў выцягнутая чашачка ў форме чаўна з прарэзам унізе для прадзяваньня кручка. Чашачка гэтая нярэдка бывае аздоблена рэзаным орнамэнтам. Грыўні такога тыпу значна пашыраны, звычайна трапляючыся, пры гэтым, побач з іншымі, болей простымі варыянтамі ў адных і тых-жа знаходках. Так, напрыклад, нам вядомы дзьве грыўні падобнае формы з Мішкінёва[1], аналёгічная сярэбраная грыўня з Заборцаў[2], нарэшце — два такія-ж самыя абручы з Мяжанскіх курганоў на Віленшчыне[3]. Усе гэтыя прадметы адрозьніваюцца адзін ад аднаго толькі орнамэнтацыяй затвораў: у аднэй з мяжанскіх грыўняй чашачка пакінута зусім без орнамэнту; у другой — чоўнападобны затвор орнамэнтаваны ў чатыры рады роўналежных краям бугаркоў з папярочнымі зубчыкамі, што робіць уражаньне некалькіх накладзеных адна на другую чашачак; зусім таксама орнамэнтаваны затвор і ў грыўні з Заборцаў. Чашачкі мішкінёўскіх абручоў крыху прасьцей па сваім орнамэнце: здолу яны аздоблены насечанымі трыкутнікамі; згары адна з іх мае прадоўжныя жалабкі, другая-ж — мярэжыстую крайку. Такія тыпы затвораў, досыць частыя, як мы зазначылі, у Беларусі, амаль што ня маюць сабе аналёгій сярод архэолёгічных знаходах іншых краін, з прычыны чаго іх можна лічыць за свой уласны, мясцовы вярыянт. Падставаю для прыблізнага яго датаваньня можа быць прысутнасьць яго ў Мяжанскіх курганох, якія належаць, калі судзіць па знойдзеных у іх эмалевых вырабах, да VI–VIII сталецьцяў. Але магчыма, што бронзавыя мяжанскія абручы зьяўляюцца найбольш старадаўнімі ўзорамі данага тыпу,