Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/7

Гэта старонка была вычытаная

Уступ.

Агляд асноўнае літаратуры; пастаноўка проблемы; шляхі і мэты папярэдніх дасьледзін.

Беларускае мастацтва яшчэ чакае свайго гісторыка, і нельга спадзявацца, каб гэтая тэма магла быць канчаткова распрацавана ня толькі ў сучасны момант, але нават і ў бліжэйшай будучыне. Перш за ўсё, тут патрэбна вялізарная і доўгая праца: уважлівае зьбіраньне і дакладнае вывучэньне багатага сырога матар’ялу, які ў большай частцы сваёй зусім яшчэ ня прыведзены ў сыстэму і яшчэ ніколі ня быў прадметам больш-менш сталых навуковых досьледаў. Праўда, у расійскай гістарычнай і архэолёгічнай літаратуры мы сустракаем цэлы шэраг прац, прысьвечаных помнікам беларускае старасьветчыны; але гэтыя працы як самым выбарам матар’ялу, гэтак і мэтодам яго вывучэньня ў цяперашні час ужо ня могуць нас задаволіць, — тым болей, пры гэтым, што для нашай задачы нават і тая нязначная частка адпаведнага матар’ялу, якая ў іх закранаецца, яшчэ патрабуе перагляду ў спэцыяльным асьвятленьні. Амаль што ўся праца павінна быць, такім чынам, зроблена ледзь не нанова, што патрабуе і часу, і сродкаў, і цэлага шэрагу іншых спагадных умоў. Пакуль-жа яна ня будзе праведзена, няма магчымасьці хоць колькі-небудзь наблізіцца да канчатковых вывадаў і закончаных схэм, бо нават самыя асноўныя пытаньні, зьвязаныя з проблемай гістарычнага разьвіцьця беларускага мастацтва, ня толькі ня вырашаны, але ў большасьці нават яшчэ і не пастаўлены.

Прычына гэтага зьяўляецца ўпоўне зразумелай, бо параўнальна яшчэ нядаўна самая пастаноўка такіх пытаньняў была-б справай зусім немагчымай. Русыфікатарская політыка расійскага ўраду ў так званых "западно-русских губерниях" прад’яўляла свае запатрабаваньні таксама і на навукова-дасьледчую працу на тэрыторыі Беларусі, якая адбывалася пад нязьменным наглядам і часам амаль што пад беспасрэдным кіраўніцтвам урадовае адміністрацыі. Гэтая праца, незалежна ад матар’ялу і зьместу, заўсёды зьяўлялася да вядомай ступені тэндэнцыйнай; яна павінна была заўсёды мець на ўвазе нейкія пэўныя мэты, часта павінна была сьвядома ставіць сабе апрыорную задачу: абы якім