Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/8

Гэта старонка была вычытаная

шляхам даводзіць спрадвечны "истинно-русский" характар культуры так званага "западного края", каб у гэтым знайсьці тэорэтычныя абасновы для практычных мерапрыемстваў ураду па "водворению истинно-русских начал". Такога роду дасьледчая праца, само-сабой зразумела, ні ў якім разе не магла грунтавацца на цьвёрдых падставах запраўднае навуковае об’ектыўнасьці. Перш за ўсё, з самага пачатку яна вымагала аднабаковага выбару самага матар’ялу вывучэньня, з прычыны чаго прадметам дасьледваньня зьяўляліся тут амаль што выключна помнікі праваслаўнай царкоўнай старасьветчыны. Падругое, і самая распрацоўка гэтага матар’ялу ў большасьці выпадкаў вялася таксама аднабакова: аб выяўленьні тыповых ласьне для Беларусі элемэнтаў ня было, зразумела, і гутаркі, і ўвесь аналіз форм старадаўняй культуры нашай краіны зводзіўся выключна да спроб давесьці адзінства яе з старадаўняй культурай Кіеўскай і Маскоўскай Русі; пры гэтым часта занадта пераацэньваўся бізантыцкі ўплыў, фактычна далёка не галоўны і ў кожным выпадку зусім не адзіны нават у царкоўным мастацтве Беларусі, — з другога-ж боку пакідаліся зусім бяз увагі тыя элемэнты заходня-эўропейскіх мастацкіх форм, якія граюць досыць важную ролю ў шмат якіх помніках беларускае старасьветчыны. Нарэшце, зусім не вызначаліся тыя самабытныя рысы, якімі характарызуюцца пэўныя нацыянальныя элемэнты ў старадаўняй мастацкай творчасьці Беларусі. Зразумела, што навуковая вартасьць такіх дасьледчых прац у цяперашні час здаецца нам нявысокай, і самі яны ў большай частцы маюць для нас ужо толькі гістарычны інтарэс. Характэрна, што першыя з гэтых прац зьявіліся беспасрэдна пасьля паўстаньня 1863 году ў выніках спэцыяльных дасьледчых экспэдыцый, якія выпраўляліся Мураўёвым і Карнілавым з спэцыфічнай мэтай "розыскання в крае древне-русских памятников или, по крайней мере, следов тех из них, которые в слепой ненависти к православию и русской народности были уничтожены"[1]. Сабраныя гэтымі экспэдыцыямі архэолёгічныя і гістарычныя матар’ялы, амаль што выключна датычныя помнікаў праваслаўна-царкоўнай старасьветчыны XII, XVI і XVII сталецьцяў, увайшлі потым у выданьні Бацюшкава (Батюшков): "Замечательности Северо-Западного края" (Вильня 1868) і "Памятники русской старины в Западных губерниях" (СПБ 1874). Найбольш цікаўныя матар’ялы, аднак, сабраныя мастаком Зьмітрам Струкавым у часе экспэдыцыі 1864 г.[2], былі, ма-

  1. Е. Г. Романов. Альбом художника Д. М. Струкова, как результат экспедиции по Сев. - Зап. краю в 1864 г. - "Записки. Сев-Зап. отдела Русского Географического О-ва". Кн. 3. Вильна, 1912. Стар. 237
  2. Экспэдыцыя гэтая адбылася па маршруту: Дзьвінск, Праслаў, Краслаўка, Друя, Дрыса, Полацак, Віцебск, Ворша, Магілеў, Рагачэў, Бабруйск, Мазыр, Слуцак, Несьвіж, Менск, Маладэчна, Вільня, Ibedem, стар. 238