АРХІТЭКТУРА XI–XII СТАЛЕЦЬЦЯЎ.
Яшчэ ў X сталецьці ў Тураве і Полацку былі ўтвораны біскупскія катэдры; у 1137 годзе самастойнае біскупства ўтварылася і ў Смаленску. Дзякуючы гандлёвым опэрацыям у руках беларускіх князёў сабіраліся значныя матар’яльныя сродкі, што дало ім, між іншым, магчымасьць усяляка падтрымліваць царкоўныя справы, — у тым ліку будаваць спэцыяльныя каменныя гмахі для цэркваў, якія часткова захаваліся і да цяперашняга часу, тады як усе іншыя, мабыць, выключна драўляныя будовы гэтай эпохі бясьследна зруйнаваліся і зьніклі з паверхні зямлі.
Але ў гэтых першых кроках па шляху разьвіцьця першапачатковае архітэктуры на Беларусі шырокія колы жыхарства прымалі, мабыць, параўнальна мала ўдзелу. Вядома, што хрысьціянізацыя Беларусі спачатку насіла вельмі павярхоўны характар; у шырокіх колах насельніцтва на працягу доўгага часу яшчэ моцна трымаліся старыя паганскія вераваньні і звычаі, хрысьціянства-ж было рэлігіяй пераважна пануючых кляс. Будаваньне цэркваў, як сродак, часткова прызначаны для падтрыманьня і ўзмацненьня тагочаснай сыстэмы соцыяльнага і дзяржаўнага ладу, знаходзілася таксама ў большасці ў руках гэтых кляс, і разам з тым зьяўлялася прадметам асаблівай ўвагі з боку саміх князёў, з прычыны чаго ў першапачатковым беларускім будаўніцтве мала адбіваліся рысы народнае артыстычнае творчасьці, і формы яго спачатку былі ў аснове сваёй чужаземнымі, цесна зьвязанымі з тымі краінамі, з якімі адбываліся гандлёвыя зносіны, і якія зьяўляліся для новаўтвораных гарадзкіх асяродкаў Беларусі крыніцамі іх экономічнага дабрабыту, а разам з тым, да вядомай ступені, політычнай і культурнай залежнасьці. Для розных частак Беларусі гэтыя крыніцы маглі быць таксама рознымі. Так, напрыклад, Смаленскае княства орыентавалася пераважна на Кіеў, і, мабыць, ужо з Х-га сталецьця знаходзілася пад значным яго ўплывам. Полацкая краіна болей падтрымлівала, мусіць, старадаўнія ўсходнія сувязі. Але і тое і другое ў стылістычных адносінах у першапачатковым царкоўным будаўніцтве Беларусі, зразумела, павінна было адразу-ж абумовіць сабой пэўны бізантыцкі яго характар, у тэй провінцыяльнай пераапрацоўцы асноўных бізантыцкіх форм, якая ў гэты час пашыралася ня толькі на Беларусь, але таксама і ў іншыя ўсходня-славянскія краіны, галоўным чынам у Суздаль, Валадзімер, Ноўгарад і Пскоў. Для Беларусі, пры гэтым, спачатку мелі асаблівае значэньне архітэктурныя ўзаемаадносіны з Кіевам і з двума апошнімі гарадамі.
Прыход бізантыцкіх архітэктурных форм у Ноўгарад і Пскоў адбыўся, зразумела, не адразу, — нават калі лічыць, як звычайна, што тут асаблівую ролю граў Кіеў, з чым мы ня зусім згаджаемся. Першыя кіеўскія каменыя цэрквы бізантыцкага тыпу —