Старонка:Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва.pdf/90

Гэта старонка не была вычытаная

АРХІТЭКТУРА XI–XII СТАЛЕЦЬЦЯЎ.

тар: плоскія лапаткі, як мы ўжо зазначалі, зьмяшчаліся толькі па рагох, самыя-ж муры падзяляліся лапаткамі, у разрэзе паўкруглымі, у відзе шырокіх палавінных колюмн на маленькіх плоскіх выступах. Падобная апрацоўка муроў пры дапамозе паўкруглых лапатак, якая толькі як выключэньне сустракаецца ва Украіне, можа лічыцца тыповай для смаленскай архітэктуры XII сталецьця, і ўжываецца, апроч таго, і ў некаторых іншых беларускіх помніках, як, напр., у Спасаўскай царкве ў Полацку; пахаджэньне яе, хутчэй за ўсё, заходняе, пад уплывам романскай архітэктуры.

Другая асаблівасць сьмядынскае царквы — гэта надворная аздоба альтарных апсід пры дапамозе вузкіх пілястраў паміж вокан; аздоба гэтая ўжывалася часам у Кіеве, як, напрыклад, у Выдубецкім манастыры або Васільлеўскай царкве, у той час як у беларускіх будовах яна сустракаецца далёка не заўсёды; трэба зазначыць таксама, што ў Ноўгарадзе і Пскове аж да XIV сталецьця пілястраў на альтарных апсідах зусім ня было[1], у Валадзімеры-ж і Суздалі, наадварот, яны былі частаю зьяваю. Нутраны лад сьмядынскае царквы ў агульных рысах быў аналёгічны кіеўскай царкве Кірылаўскага манастыра. У абодвых выпадках мы маем тры нэфы, закончаныя апсідамі і аддзеленыя адзін ад аднаго трыма парамі слупоў, з якіх чатыры асяродкавыя служылі падпораю для кумпалу, а два заходнія падтрымлівалі хоры над прытворам. Розьніца ізноў тут толькі ў дэталях. У царкве Кірылаўскага манастыра ўсходы на хоры былі прароблены ў тоўшчы паўночнага муру ў паўночна-заходнім куце; аналёгічны прыём у Смаленску мы знаходзім крыху пазьней, у Петрапаўлаўскай царкве, дзе нутраная драбіна зьмешчана таксама ў тоўшчы муру, толькі не паўночнага, а заходняга; у сьмядынскай царкве такіх нутраных усходаў, як гэта паказвае плян, зусім ня было; аднак, прысутнасьць хор можа быць тут даведзена ўскосным шляхам: у той час як нутраная частка паўночнае сьцяны ад паўночна-заходняга кута да трэцяй лапаткі ў царкве Кірылаўскага манастыра падобна да ўсіх іншых частак сьцен, мае адпаведна другой лапатцы невялічкі простакутны выступ, — у сьмядынскай царкве частка гэтая пакінута зусім гладкаю, хоць і выдаецца ў сярэдзіну крыху больш за ўсе іншыя часткі, так што самы мур у гэтым месцы мае большую ніж у іншых мясцох таўшчыню; гэта сьведчыць, мабыць, аб тым, што раней якраз у гэтым месцы сьцяна служыла падпораю для нейкай нутраной прылады, хутчэй за ўсё — для драўлянай драбіны, якая вяла на хоры, і была пабудавана на драўляных трамах, умацаваных у сярэдзіну

  1. Першы прыклад альтарных апсід з пілястрамі мы сустракаем толькі ў царкве Тодара Страцілата на Гандлёвым Баку 1360 г. — И. Грабарь. История русского искусства. Вып. 2, стар. 199.