Ша! Бачыш, як чалавек заходзіцца.
Сьцішыліся. Пытліва зірнулі на раззлаванага праваабаронцу Шварца. Той важыўся ўзьдзець акуляры, але была нейкая нявідочная перашкода і драцяныя пытальнікі акуляраў бяспрытульна цялепаліся ў паветры.
— Што сапсавалі, таварыш Шварц?
— Па-мойму так добра правялі суд, як ня сьнілася, — сказаў, падыходзячы, Курыловіч. — І мае потым плакаты дапамаглі. Мастацтва потым — важная штука… як вы мысьліце,
таварыш аб… кха… ронца?
Яму сказалі, каб ён заткнуўся.
— Дык што-ж сапсавалі? Так і ня скажаце?
Ушчэнт раззлаваны і расхваляваны Шварц узьдзеў такі пасьля ўпартых намаганьняў акуляры і разам з энэргічным гэстам рукі — ад вуха да стала, ля якога стаяў — сказаў:
— Рэпутацыю маю, як юрыста!
Хлопцы заліліся рогатам.
— Ой, ой, ойёёё! Таварыш, таварыш Шварц!…
А Андрыенка паваліўся на канапу і качаўся, сьцякаючы буйным рогатам, разам з разгайданымі спружынамі.
— Гэта, я вам скажу, да-а-а!
— Хіба вы лічыце, што Кранцэвіча трэба было апраўдаць?-
Шварц сарваўся з месца.
— Малады чалавек! Я на сваім вяку пабываў на шмат якіх судах, але — я вам скажу — такой буфонады, прабачце, ня бачыў. Хіба можна сур’ёзна рабіць што? Я, стары юрыст, малады чалавек… — махнуў рукой — «Эт!» — і пайшоў у залю.
Абступілі Шастакова.
— Ведаеце што, хлопцы? Няхай тысяча такіх «старых юрыстаў»… Няхай іх усіх… Абы мы ведалі, што мы правы, што наша ўзяло.
— Правільна, Шастакоў!
— Наш мэтод перамог, вось што, важна. Трэба вопытам падзяліцца, Шастакоў. Праўда, га?
— Гэта яшчэ ня мэтод, гэта толькі пачатак. Але вы бачылі мястэчка? Я аж дзівіўся, ня верыў — яно гэта ці не яно? Мэтоды працы — гэта цяжкая штука… Вось, — ён пайшоў да