расьлі — паджылага тэмбру — бомы: дзьве гадзіны ночы. Села на канапу.
— «Ужо ідзе? Ці не дахаты хадзіў?
Ён заняў Жэніна месца ля стала. Усьміхнуўся.
— Жэня… няхай будзе і нам весела… сьнег перастаў… — і ён выцяг з кішэні бутэльку.
Калыхнулася.
— Мікола!
Ён перасек рух — ставіў бутэльку на стол — і зірнуў ёй у вочы. «Ну?» — казаў позірк.
— Не рабі… Што ты?.. Мікола…
— Кінь, Жэня, глупства пароць… Ня будзеш? Гэта-ж ня п’янства… Будзеш піць? Ня хочаш? Ну, як сабе хочаш, — адкаркаваў і набгом апарожніў палову бутэлькі.
Яна ня краталася. Сачыла за ім. Убачыла: загарэліся вочы. Убачыла і памяць праявіла аналёгію — колькі разоў заўважала гэты бляск у Міколавых вачох. Не здагадвалася. Ня думала.
— Выпі, Жэнька.
— Не, — катэгорычна качнула галавой.
— Ну, як хочаш, — паціснуў плячыма. — А я гатоў скончыць.
Грузна сеў побач. Зноў закурыў. Бачыў перад самымі сваімі вачмі ўпарты яе падбародак, закусаную і таму перакрыўленую — ніжнюю губу. Браў хмель.
— Чаго ты, Жэнь… ка?..
Рукамі абхапіла калены. Не павярнуўшыся:
— Брыдка, Мікола, брыдка. Ты-ж комсамолец…
Паддаўся да яе. Рукамі павярнуў твар. Абдаў віннай затхай. Зарагатаў у вочы.
— Можа ратаваць грэшную душу ўздумала? Хо-хо! Аказваецца, жанчыны ўсе на адзін капыл зьлеплены. Сьмеху варта…
Вырвалася. Устала. У вачох мільгнула — і ўраз застыла — трывога і боль. Паправіла сукенку.
— Я хацела сказаць табе, Мікола, што я цяжарная.