Вокны залеплены сьнегам.
На дварэ — у прасьцягах, над зямлёй — завея. Ассымэтрычны кірункі завеі. Вальпургіеву ноч танцуе сьнег. Оркестр вятроў ня мае дырыжэра. На дварэ — у прасьцягах, над зямлёй — роіла цемры, вятроў, сьнегу.
Вокны, здаецца, ня вытрываюць ад сьнегавой бомбандыроўкі. І сьцюдзена яшчэ больш ад гэтага стукату ў шыбы
— Мікола!
— Таварыш загадчык!
У канцы залі на момант паказалася постаць Длугача.
— Ну? Што там?
Настойліва патрабуюць:
— Выпалі ў печы, у чытальні такі холад, што кішкі замярзаюць.
— Няма дроў. Прыдзецца сёньня пацярпець, ніяк расьпілоўшчыкаў не злавіў.
— І толькі таго! Каму холадна, хлопцы, гайда дровы рэзаць. Ідзі цягні ключы.
Неўзабаве ў печы гарэзна лапатаў агонь, хвалямі пайшло цёплае паветра, успацелі шыбы.
Комсамолец Калесьнікаў, узьбіўшыся каленамі на лаву, рукамі заціснуў вушы, шавеліць губамі.
«Колектыўная гаспадарка — гэта не галоўная магістраль, не сталбавая дарога, не галоўны шлях, па якому сялянства прыдзе да соцыялізму».
— Ах, ты гэтак! — абураецца шахматыст.
— Бяры, бяры… З табою пагодзішся!
Па паркету шахматнай дошкі паплыў грозны слонь, нечакана спыніў сваю хаду і пераблытаў гэтым усю сытуацыю бою.
— Шах!
«Сталбавая дарога пойдзе па коопэрацыйнай лініі. Галоўны шлях — гэта організацыя соцыялізму праз кооперацыю сельскагаспадарчую».