У галаве Калесьнікава багата непаразуменьняў. Ён прывык падганяць пад кожную «тэорыю» сваю ўласную «практыку», і з гэтай прычыны ён ніяк ня можа пагадзіцца з Бухарыным.
Думае Калесьнікаў так:
— «Ой, таварыш Бухарын, як вас трэба разумець? Па-разумнаму, як той Айхенвальд казаў, ці па-глупаму? Прыехаў-бы ён у наш Стаход дый зірнуў, як працуе кооперацыя… Ня дай божачка…»
Ён робіць організацыйныя вынікі:
— «Няхай гэта застанецца да політзаняткаў, там хлопцы растлумачаць. А покуль што… Якая гадзіна? Палова сёмай… Яшчэ, значыцца, поўгадзіны».
Далей думкі прымушаюць Калесьнікава закрыць кніжку, і ён ідзе шукаць Шастакова. Яшчэ за дзьвярыма габінету партасьветы чуе ён голас сакратара:
— Ды не, хлопцы. Вы-ж павінны зразумець істотную розьніцу. Бухарын кажа аб «спалучэньні «пролетарскай рэволюцыі» з «сялянскай вайной» у новай форме», як ён
дэталізуе — «на гэты раз «будаўнічай форме», тады як Ленін выразна ставіў пытаньне зусім інакш.
Калесьнікаў адчыніў дзьверы. Каля Шастакова сабралася некалькі комсамольцаў. Ён трымаў у руках кніжку і чытаў адтуль:
— «Скончыўшы буржуазную рэволюцыю разам з сялянствам наогул»… Я падкрэсьліваю, таварышы, гэтае «сялянства наогул»… «Пролетарыят Расіі перайшоў канчаткова да рэволюцыі соцыялістычнай»… Слухайце тут уважліва… Значыцца, да рэволюцыі соцыялістычнай, «калі ён здолеў раскалоць вёску, далучыць да сябе яе пролетараў і напоўпролетараў, аб’яднаць іх супраць кулакоў і буржуазіі, у тым ліку сялянскай буржуазіі»… Зразумела…
— Што Бухарын ня бачыць клясавай барацьбы на вёсцы… Кропка.
— Брава, Калесьнікаў! Ну, а як у цябе з коопэрацыйным плянам?
— Гэта-ж па яго спэцыяльнасьці, — пажартаваў нехта.
Калесьнікаў паглядзеў на гадзіньнік.