— Вось што, хлопцы. А сёмай гадзіне сход коопэрацыйнага актыву… Я надумаў… Дрэнна працуе наш коопэратыў, проста аж жах… Будзеш слухаць Бухарына, дык да соцыялізму на нашым Стаходзкім коопэратыве не даедзеш.
— Нават з такім ортодоксам, як ты?
Каб не зарагатаць — зрабіў твар сур’ёзным.
— Падбярэм хлапцоў, пойдзем на сход… А заўтра налёт на коопэрацыю зробім. Ну?
Шастакоў падхапіў:
— Дзелавая прапанова!
— Пайшлі, — знайшліся ахвотнікі. На коопэрацыю зуб маю. Сшыткі вунь для лікпунктаў затрымалі.
Мітусьлівым грудком высыпалі ў завею.
— Аж вочы сьлепіць!
— У сьнежкі, хлопцы!
— Дый дзе там… Ня лепіцца. Мароз.
Проста ў вецер — насустрач завеі — нехта запеў:
Наперад, па сонечных рэях!
І ўжо разам:
На фабрыкі, шахты, палі…
А жартаўнік ня стрымаўся:
— І на стаходзкі коопэратыў!
Выбухнуў і панёсься над завеяй, глушачы яе, малады, пераліўчаты рогат.
Як пайшлі хлопцы, Шастакоў пайшоў у чытальню. Было пуста. Толькі ўпартыя шахматысты дагульвалі сваю партыю. У печы палілася. Глуха вуркатаў, нібы голуб, вецер у
печы. Падсунуў крэсла да агню, і калі сеў — тады адчуў лёгкую змору.
— Цяжкавата хлапцам даецца вучоба. Каб хаця да новага году скончыць асноўныя пытаньні, а там… Там разьедземся па вёсках… Тут, здаецца, агрокомбінат будаваць будуць… Вырашаюць гэта пытаньне… Добрыя дровы… Граб ці што?.. Цяжкавата хлапцам… Не разумею, дапраўды, чаму Караткевіч бытавізмам так горача займаўся тут?..