Здаецца, хістаньняў асаблівых няма… Штодзеннай політпрацай бытавое можна заглушыць… Перагібаў, хлопец…»
— «Ты сидишь у камина и смотришь с тоской»…
— А-а-а! Жэня… Садзіся вось, пагрэйся. Наадварот, Жэня… Проста адпачываю…
Прынесла крэсла, зьдзела засьнежанае паліто, павесіла на сьпінку і села, паціраючы ахаладалыя рукі.
— Адпачываеш? А я думала, што мары наплылі. Нават і ня чуў, як падышла.
— Што новага? Чуў, што ты хворая. Праўда?
— Нічога, ужо лепш. А навіны? Навіны ёсьць. Сваіх дзяўчат за машынку бяру.
— І як, даюцца?
— Вось пабачыш, Шастакоў, калі незаўбаве ня прыдзе пяць нашых работніц у ячэйку… Абавязкова прыдуць. Толькі ведаеш, цяжкавата з некаторымі… быт насядае.
Шастакоў усьміхнуўся. Падкінуў у печку палена. Яго лізнуў агонь.
— Эх, Жэня… я думаў пра гэта… пра быт… Нешта Караткевіч з гэтым вазіўся, і ты вось… Гэта-ж для комсамольца другараднае пытаньне. Што трэба рабіць? Працаваць, працаваць і працаваць… У працы, у колектыўнай, Жэня, працы
забываеш на ўсякую такую драбязу, на амурныя стрэлы… Каханьне, сям’я, звычаі, прывычкі… Хіба гэта ў жыцьці галоўнае? Ад гэтага галава баліць?
— Вось табе і раз! Шастакоў, родны мой… Я з табой згодна, што гэта не галоўнае, але-ж мы — комсамольцы — людзі? Так, людзі, і жывём сярод людзей, а яны напалову ў старым… Вось і конфлікт атрымліваецца. Варты ўвагі конфлікт.
— Ня згодзен, прынцыпова ня згодзен. Ну, чаму вось, скажы, мяне ані не хвалююць пытаньні быту?
Жэня глядзела ў печ — на бессаромныя паміргваньні вугольляў. Поўз па вугольлі сіняваты — з лілёвым адценьнем — празрысты агеньчык. Не адводзячы вачэй:
— Хіба ты ніколі не кахаў? Хіба ня было ў цябе сям’і? Як сабе хочаш, а працаваць заўсёды — стомішся.