— Ці любіў я? — засьмяяўся Шастакоў. — Было нешта такое раптоўнае некалькі разоў… Але я ўмеў браць сябе ў рукі, ну, і калі бачыў, што гэта шкодзіць працы, адводзіў у бок. А сям’я?.. Сям’і я даўно ня ведаю… Гадоў дзевяць…
Жэня павярнулася, адарвала вочы ад агню, і тады заўважыла, на твары Шастакова былі нейкія мяккія — раней іх ня было — мяккія і ледзь-ледзь журботныя цені.
— Ты мне некалі — на сходзе — помніш ? — абяцаў пра сябе расказаць. Раскажы, Шастакоў, калі маеш ахвоту.
— Гэта была твая запіска? Чым яна была выклікана, Жэня?
Яна адразу не адказала. Заправіла за вуха непаслухмяны кудзер. Затаіла ўсьмешку.
— Ты вось нейкі такі. Адразу умееш зацікавіць усіх. Здаецца, малады, а практыка ёсьць, жыцьцё ведаеш… Ну, вось…
— Так… Між іншым, ня ведаў я, што такую здольнасьць… асаблівасьць маю.
Усьміхнуўся нейкай глыбокай усьмешкай. Такія ўсьмешкі бываць, калі чалавек пачынае глядзець у самаго сябе. Сказаў:
— Слухай, калі так хочаш… Я ня ўмею расказваць, але як выйдзе, так і выйдзе…
15
— Ты ужо ведаеш, Жэня, — расказваў Шастакоў, — што я быў бяспрытульным… Як гэта здарылася? Не забывай, што я з інтэлігентнай, буржуазнай, калі хочаш, сям’і. Бацька мой — профэсар этнографіі, доўгі час меў кафедру ў N-скім інстытуце, а потым, захапіўшыся лёсам «Северо-Западного края» — пры дапамозе мэцэнацтвуючых абшарнікаў організаваў этнографічна-гістарычны музэй, і добрую палову свайго жыцьця пражыў каля гэтага музэю. Намі — мной і старэйшым братам Львом — не займаўся бацька. Нічога няма