Старонка:Наша сонца (1932).pdf/11

Гэта старонка не была вычытаная

Старамодны пакрой хмар —

над палямі, над лугамі, над лясамі над імшарамі, над сыпучым пяском — (вецер павее — і сьцяной ідзе пясок, хіліць сухотны лазьняк, прыгінае да зямлі: і тады здаецца — на пясчаным целе набраклі крывёю вены-лазьняк), над балацьвяньнем, над густым хмельным чорназемам —

старамодны пакрой хмар нязьменны над зямлёй.

І нязьменнай — як хмары — была зямля: абяваў яе вецер — то пяшчотны, на крыльлі; пачвары ў раптоўных выкрунтасах кірункаў; то — ён павяваў з Поўначы — нёс гэты вецер, град, сьнег, дрэвы плацілі даніну — фэўдал-вецер! — (гэта па восенях); то ляксаваў земныя прасторы неадольнай гарачынёй (сухмень валацужыў па палетках) — ня стрымаеш нічым яго — гэты вецер!

І нязьменнай — як хмары — была зямля: у капальнях Вясны — і яна можа быць прамыслоўцам! — шмат дыямэнтаў, а куды больш малахітаў (непадроблены малахіт мае колер цыбулі ў сьмятане): — прыгожваліся дрэвы ў малахіты, а Вясна-прамыслоўца ўсё адно бяднела (час ішоў, мінула вясна, а за ёю і лета праходзіла).

І нязьменнай — як хмары — была зямля: на ёй не зьмяняліся вятры, кірункі вятроў — калі-б частымі былі зьмены, тым, чый хлеб мэтэоролёгія, ня было-б чым займацца, у навуку ня верылі-б іхную; на ёй не зьмяняліся вёсны — малахіты цьвілі, адцьвіталі, каб зноў — з новай вясной — расьцывітаць: — у сусьвеце цячэньне рэчаў няспынна.