Беня-балагол агледзеў скуранае сядзеньне, выцер яго, прыладзіў да калёсаў. Чарга была за палатнянай будай.
— Соня, трэба зашыць буду.
Вучні хадзілі з настаўнікам за мястэчка і прынесьлі ў школу пук вярбы з пяшчотнымі — жаночай цяплыні — пукаўкамі.
Праз Стаход ішлі цёплыя вятры.
19
Званок урэзаўся ў сон, пераблытаў дзівосную ягоную каруну, прымусіў скінуць коўдру і прыслухацца да цішыні. У муту вакон біў часты дождж, раз-по-раз налятаў вецер і кропельную страмніну кідаў ён у вакно са зьвярынай лютасьцю. Поўз праз вокны брудны напаўзмрок.
Зазваніў у другое. Тады Патапенка падбег да тэлефону і ўслухаўся ў лапатаньне, гуд і перазвоны тэлефонныя.
— Алё! Я слухаю. Адкуль? Ну, ну!
Недзе там — у глыбіні тэлефону — чуўся трывожны жаночы голас. У тэлефоне голас здаваўся рэзкім, і Патапенка нават адмахнуўся рукой.
— Прыбывае вада? На мэтр ужо? Добра, добра, я іду зараз.
Апрануўся і выбег у муту напаўзмроку, дажджу і вятроў. Густымі валамі ішлі хмары над Стаходам і разам з хмарамі
ішоў нэрвовы вецер. Часінамі дзьмуў гэты вецер спакойна, тады можна было адчуць цяплынь ягоную, часінамі ён імклівіў з такой сілай, што балеў твар ад ягонага датыканьня — гарачым быў тады вецер.
Перад Патапенкам з завулку, з-пад заслоны дажджу вынырнула постаць. Згін сьпіны дый хаду гэтую адразу спазнаў Патапенка. Ён паддаў кроку.
— Шастакоў!
Чалавек крута павярнуўся. Узірнуўся ў змрок.
— Патапенка? Шпарым хутчэй.
— Вада прыбывае.