Падыходзячы пад райком, убачылі людзей, учулі нэрвовыя галасы. Спрачаліся аб нечым людзі і відаць было: спрэчкам гэтым канца няма.
— Комсамольцы ўсе? — запытаўся Шастакоў, узіраючыся ў заспаны шэры Андрыенкаў твар.
— Хто застаўся ў мястэчку — усе. Трэба хутчэй рабіць. Покуль яшчэ пагранічнікі прыдуць. Вада ідзе ды ідзе.
Вецер ірвануў крысы паліта з такой сілай, што Шастакоў ледзь не зваліўся на зямлю.
— Таварышы! Комсамольцы! — крыкнуў ён і вецер узмацніў, рэзонаваў ягоныя словы. — Зараз-жа на бераг разгружаць лес. Калі вада будзе прыбываць з гэткай-жа сілай — яна размые штабелі і экспортны лес сплыве за мяжу. Вы разумееце, што гэта азначае?
— Гайда! Покуль трымаецца мост — мы можам што хаця зрабіць!
— Хіба мост ня вытрымае?
— Пазалетась-жа скрануўся, а вады тады было куды менш.
— Ну, дык пайшлі!
Адзін за адным пабеглі ўніз па адхону. У шархатаньне дажджу і візгатлявы лемант ветру ўрэзаўся і запанаваў домінуючай мэлёдыяй вой рачной быстрыні. Чорнай прорвай ляжала перад імі рака, і па тым, што гэтая чорнадзь патанала на тым беразе ў змроку, кожны зразумеў, што лугі
ўжо заліло, што вада пагражае масту, млыну і лесу.
— Гэта што азначае? Пойдзе экспортны лес — пойдзе валюта!
Аграмадзіны складзенага ў штабэлі лесу наплылі на комсамольцаў з мокрага сутоньня. Сьцены цытадэлі сярэднявяковай нагадвалі штабэлі. Пэрспэктыва іх гублялася ў
змроку, і таму грознымі, неабдымна вялізнымі здаліся яны.
— Тааак, — зусім ціха сказаў нехта і гэтае «тааак» трэба было разумець ня іначай, як: «Скрані! Паспрабуй».
— Хлопцы! Раскідай крайні!
— Не марудзь, — падхапіў нехта. — Вада вэнь як разгулялася!..