— Санька! а, Санька! Грымані «Гвардыю», чаго там. Эй, вы! Кіньце хоць сёньня аб сур’ёзных сваіх справах гаварыць, заўтра пасьпееце!
— Не бярэцеся за дзела, як вош за цела!
— Сьпявайма, братва!
Рытмічна ідзе цягнік і ідуць паабапал яго хацінкі менскіх ваколіц, садкі, нагруджанае бярвеньне, штабэлі каменю.
Карновіч праціскаецца паміж людзьмі ў вагон. Яму ня дужа весела, бо гарманіст Санька ашчэрвае свае белыя зубы ў Лёльчын зачырванелы твар, нешта жартоўнае кажа ёй, і яны ўдвох рагочуць на ўвесь вагон. Ня дужа весела Карновічу, бо Лёлька — «ягоная», бо нейкая няпрыязьнь — чорт-бы яе пабраў! — да гарманіста-зубаскала калыхнулася. І каб заглушыць, перамагчы гэтую няпрыязьнь, Карновіч крычыць культработнікам:
— Дапраўды, таварышы, ідзеце ў вагон. А ты, Санька, шпар. Давай «Гвардыю».
Пасунуліся на лавах, зрабілася цесна і горача. Ірвануў свой гармонік гарманіст Санька, грудзьмі на яго налёг, і гукі гармоніка, увязаўшыся ў лязгатаньне колаў, вырваліся праз вагонныя вокны і паляцелі ў прасьцягі па свае водгульлі.
Плыло навакольнае. Плылі і сьпявалі, п’янелі, загараліся, мацнелі баявой сваёй песьняю —
Мы маладая гвардыя |
хмялелі ад песьні, напаўнялі прасьцягі маладымі і моцнымі галасамі сваімі комсамольцы.
2
І — ноч.
Усхапіўся. Прыслухаўся да шуму, што даносіўся з вуліцы. Уздрыгваў пад самым вакном аўто.
— Вось пазванеце, адчыняць, — казаў унізе нейчы заспаны голас. — Пазванеце некалькі разоў, сьпяць-жа…
Усьлед за гэтымі, прыхлупленымі адлегласьцю, словамі пачуўся — ужо тут, наверсе — званок. Накінуў на сябе халат,