Старонка:Наша сонца (1932).pdf/13

Гэта старонка не была вычытаная

1

І нязьменнай — як хмары — была тая восень: вецер ішоў з-за ракі, гнаў страмніну пяску і на пясчаным целе набракалі крывёю вены-лазьняк; гэты лазьняк хіліўся, а пясок ішоў сьцяной, грабянямі асядаў на беразе ракі, шумеў, сыпячыся ў раку, — грабяні зьнікалі, каб праз колькі часу зноў зьявіцца, зноў шумець, сыпячыся ў раку.

Кірунак вятроў быў нязьменным усе гэтыя дні — ён гнаў пясок у раку, вецер пералётаў праз плынкасьць рачную і — нэрвова церабіў афішы на парканах гораду, біўся акеніцамі, атрасаў з каштанаў лісьце ў гарадзкім садзе, атакоўваў людзей — пясок калоў вочы, хрумсьцеў на зубах:

Нэрвовы вецер церабіў афішы на парканах, перашкаджаў чытаць гэтыя афішы праходжым, нешматлікім праходжым: адны, прытрымліваючы рукой аркуш, дачытывалі да «Білеты прадаюцца ў канцылярыі…», іншыя, раззлаваныя няўрымсьлівасьцю ветра, не дачытвалі афішы нават і да сярэдзіны, ішлі далей — сваёй дарогай.

На афішах было:

ЛЕКЦЫЯ ПРОФЭСАРА І. Д. ШАСТАКОВА
НА ТЭМУ
„ПАДВЕЙ“ І „СУХАВЕЙ“ У СЬВЯТЛЕ
ДАКЛАДНЫХ НАВУК
АДБУДЗЕЦЦА СЁНЬНЯ (24-Х) У ПАМЯШ-
КАНЬНІ ЛЕТНЯГА ТЭАТРУ
ПАЧАТАК РОЎНА А 8 ГАЗІНЕ
БІЛЕТЫ ПРАДАЮЦЦА Ў КАНЦЫЛЯРЫІ
ЭТНОГРАФІЧНАГА МУЗЭЮ І Ў КАСЕ
ТЭАТР АД..ДА..