— Абавязкова да Шыхтэра скардзіцца пабяжыць.
Калі плакат прымайстравалі ля сапсаванага варштату, усе адыйшліся ў бок і пачалі разглядаць яго.
— Чагосьці вось не хапае, хлопцы, — сказаў русявы, апрануты ў дзяжурку.
— Праўду кажаш, — згадзіўся мастак. — Трэба так зрабіць, каб адразу ў вочы кінуўся, — і ён, доўга не разважаючы, вывеў на плакаце вялізарны пытальнік. — Ну, лепш цяпер?
— Хоць у выдавецтва нясі друкуй!
У гэты самы час паклікаў Анатоль. Ён стаяў ля шафы, дзе вешалася вопратка, і трымаў у руках пляцёны кошык. Усе пабеглі да яго.
— Пад якім нумарам вісеў?
— Пад 85. А ў сярэдзіне тут… — ён палез у кошык і ўрачыста выцяг адтуль напоўапарожненую палітроўку.
— Ааах, сволачы! — вылаяўся нехта так смачна, што ўсе іншыя нават пазайздросьцілі яму. — Чый гэта 85?
— Саладзенкаў, — адказаў, знайшоўшы ў табельным сьпісу 85 нумар.
Паўлітроўка якраз і дапамагла.
У бутэльку ўваткнулі кій з плакатам, на якім красавалася маленечкае падабенства чалавечка, якога гарачая фантазія
мастака пасадзіла ў такую самую паўлітроўку.
— Разарвецца ад сораму!
Анатоль вышаў за Карновічам на двор пакурыць. Над ліцейным цэхам — над шырокім дымаром — стаяла марыва бліскаў дый іскр, няспынная плойма іх — гэтых іскр дый бліскаў — з грозным вурчаньнем выбівалася з дымаровай пласткі, білася аб цёмную палуду неба і, неадолеўшы ў гэтым змаганьні, іскры ападалі, зьнясіленыя, на зямлю, пакідаючы ў паветры вузкую сьцежку сьвятла.
— Дрэнная справа, Шастакоў, — прыкурваючы, сказаў Карновіч.
— Я гэта бачыў сам, — намацваючы рукой скрыню ды сеўшы на яе, адказаў той.
Потым яны колькі хвілін маўчалі, услухваючыся ў начны шум заводзкага панадворку. Праз верашчэньне дынамо —