(дынамо ніколі ня вухкае, ня гудзіць і ня чохкае, як думаюць часта поэты; наадварот: у голасе дынамо ёсьць пяшчотны гук, што чалавечым голасам можна перадаць як нешта сярэдняе паміж «в» і «ф», ад гэтага сярэдняга паміж «в» і «ф» пачынаецца разьбег галосных, — гэта амаль што
стогн, але стогн не адчаю, а стогн рашучасьці), — праз лязг мэханічнага крану, праз звар’яваныя ад тэмпу галасы чуў — ня чуў, а здавалася, што чуе — чуў Анатоль чалавечы крык. Было шмат чалавечых галасоў у начной музыцы завода, але
гэты крык быў нейкім сваяасаблівым, ён — гэта моцна адчуваў Анатоль — не належаў ніводнаму з людзей, што працавалі ў гэты час.
— Слухай, Пятрусь, хто гэта крычыць так?
— Здаецца… ніхто. Здалося табе… Ты вячэраў сёньня?
Анатолю зрабілася сьмешна ад таварышовага запытаньня, але прышлося прызнаца, што павячэраць не пасьпеў
— Ну, вось… Змарыўся, і табе здаецца… Але ты лепш парай, што з цэхам рабіць? Рабочых і так няма, а тыя, што ёсьць, не рабочыя, а… ну, хіба можна выконваць програму?
— Трэба перад Шыхтарам паставіць пытаньне рубам. Гойку трэба зволіць і справе канец.
— Яно так, зразумела, — паківаў галавой Карновіч і запаліў новую папяросу. — А хто замест яго рабіць будзе? Хіба
бяз майстра з гэтымі «навабранцамі» будзеш працаваць?
— Дык спагнаньне на Гойку накласьці. Ужо досыць Шыхтэру ня бачыць Гойкавых учынкаў. Стаўце пытаньне аб ім на сходзе. А галоўнае — ударніцтва разгарнуць трэба, каб кожны рабочы адчуваў адказнасьць пэўную.
— Прыдзецца паспрабаваць, а то… чорт ведае, што будзе! мэханічны зарэжа завод, няйначай.
З цэху вышлі рабкоры. Адзін аднаго перапыняючы, расказвалі аб тых непарадках, што выкрылі пры налёце, аб тым, якія будуць рэальныя вынікі ад гэтага налёту.
— Наўрад ці прышыбеш плакатамі Гойку, — сказаў адзін з рабкораў з сумненьнем.
— Дарма, — перапыніў яго Шастакоў. — Калі на яго ня ўзьдзейнічаюць плакаты, дык моладзь падцягнецца. Хіба ў адным Гойцы справа?