Старонка:Наша сонца (1932).pdf/14

Гэта старонка не была вычытаная

А 8 гадзіне вецер пашоў на раку з гораду, адвячоркам ён зьмяніў кірунак. Заходзіла сонца, расставіўшы ў варотах сваёй місіі варту ў рубінавых панцырах — (сонца заходзіла так, як бывае перад сьцюдзёным, золкім днём. А 8 гадзіне каля Летняга тэатру прыпыніўся рамізьнік. Фаетон нахіліўся на бок ад цяжару чалавека, які вылазіў, крэхчачы і сапучы, з яго. Вецер падхапіў крылы крылаткі — пашарпанай гадамі крылаткі — і тады чалавек успомніў, што пакінуў ў фаетоне кій.

— Дайце мне палку, галубок мой… Яна там… з правага боку…
Чалавек пайшоў дарожкай саду да Летняга тэатру, на войстры канец кійка ўзьдзелася колькі пажоўклых каштановых лістоў. Ля тэатру стаялі людзі. Чалавек, не заўважаючы іх, прайшоў у тэатр, нешта шамкаючы пасінелымі вуснамі, зьнясілена цягнуўся за ім ягоны спадарожнік — кій — і на войстры яго канец узьдзелася колькі пажоўклых каштановых лістоў.

— Профэсар, — ціха сказаў нехта.

— Васковы Бісмарк з паноптыкуму, — азваўся другі.

Тады далі сыгнал. Нешматлікія слухачы расьселіся па сваіх крэслах. Узьнялі заслону. Са сцэны пацягло цьвільлю і сьцюжаю. І сьцюжу адчулі яшчэ больш, бо на стале — на сцэне — стаяла шклянка чаю: віўся над шклянкай трыкутнік — войстрым кутом ўгару — віўся над шклянкай трыкутнік пары.

Профэсар Іларыён Даменікавіч Шастакоў вышаў у чорным фраку — у залі запахла нафталінам. Профэсар дакрануўся рукой да шклянкі, пакрывіўся ад гарачыні, пацёр палец аб палец.

— Наш народ, прыціснуты нацыянальным прыгнечаньнем, спакон веку намагаўся скінуць з сябе кайданы гэтага нацыянальнага прыгнечаньня, якое…

Нехта ля ўваходу спрачаўся з білетэрам, які наважваўся захлопнуць дзьверы, але гэта ніяк не ўдавалася. Чалавек за дзьвярыма моцна навальваўся ўсім сваім тулавам, на дзьверы, тое ж самае з гэтага боку рабіў білетэр.

— … народныя казкі і паданьні, сабраныя нашымі этно-