— Добры дзень, таварыш Гойка, — прывітаўся з ім Шыхтэр. — Як справы?
Ледзь прыкметны цень прабег па Гойкавым твары, усьлед за гэтым ён хітраваценька ўсьміхнуўся і ў вачох застыў на момант адлюстровак сьвятла.
— Справы, таварыш дырэктар, эвань як… ідуць. Толькі… эвань… перашкаджаюць працаваць, і ён міргнуў на плакат.
Пад вялікім пытальнікам на плакаце тым красаваўся надпіс: «Майстар Гойка дзе ты быў?» —
— Хто перашкаджае? — нібы не разумеючы Гойкавага паміргваньня, зноў запытаўся Шыхтэр.
Тады Гойка агледзеўся па бакох, бліжэй прысунуўся да дырэктара — Шыхтэр адчуў пах віннага перагару — і ціха сказаў:
— Падшыванцы… эвань… перашкаджаюць. Мне цяпер па цэху прайсьці… эвань… сорамна. Кожны, здаецца, пальцам ткне.
— Ааа! — дырэктар кіўнуў галавою. — Ну, гэта мы праверым.
Ён пайшоў з цэху, і вось каля самых дзьвярэй натыкнуўся нагой на нешта цьвярдое, ледзь не аступіўся і, раззлаваўшыся, паклікаў Гойку:
— Слухайце, што гэта такое?
Гойка падбег да яго і ўбачыў пад дырэктаравай нагой нядаўна зробленую дэталь для агрэгату: майстар Гойка нават пачырванеў ад нечаканасьці.
— Хто гэта кінуў… іх маць! — зароў ён на ўвесь цэх. Але ніхто не азваўся на грозны ягоны вокліч, і Гойка прамармытаў у дырэктараў твар: — Ну, гэта мы праверым…
Абураны Шыхтэр выляцеў з цэху. Абурэньне вырасла яшчэ больш ад таго, што паўтарыў Гойка дырэктаравы словы і ў гэтым паўтарэньні ўчуў Шыхтэр гіронію. Ён бег да ліцейнага, лаючы ўсё навакольнае, як раптам яго перапынілі. Ён адарваў ад зямлі вочы і ўбачыў перад сабою Карновіча і Несьцярэнку.
— Ты мяне шукаў, Шыхтэр?
— Так, я цябе шукаў. Добры дзень, таварыш Несьцярэнка! Да вас яшчэ ходзіць гэты самы?..