— Чорт ведае, што яны думаюць! — злаваў Шыхтэр. — Дэзорганізацыя, поўная дэзорганізацыя! Вось і працуй тут…
Бралася на вечар, і габінет афарбоўваўся ў сурык: сонца кідала праз вокны касыя промні.
8
Па хісткіх лесках пайшлі людзі: адзін за адным ішлі яны, падаўшыся тулавам уперад, а на плячох несьлі яны цэглу, — лескі паскрыпвалі, падкідалі рытмічна чалавечыя целы, цэгла ціснула, а людзі ішлі, ішлі вышэй і вышэй — на пабудову.
Прайшоў трамвай, перагружаны да максімуму, і калі падыйшоў ён да астаноўкі, захваляваўся паставы міліцыянэр, людзі ў трамвай шчыльна прыціснуліся адзін да аднаго, і шчыльным зрабілася паветра.
Здрыгануўся брук ад хады грузавікоў, са скрыпеньнем, рогатам, стогнам сырэн паплылі яны — трохтонкі, пяцітонкі — па вуліцах.
Закрычаў на рагу газэтчык, зазываючы праходжых інтрыгуючымі сэнсацыямі: «Вот пераварот! Вот пераварот!»
Са скогатам прарабілі магазынныя жалезныя шторы ранішні традыцыйны свой палёт угару, каб адкрыць цікаўнаму воку багацьце вітрын.
А над усім гэтым — над лескавым рыпам, над звонам трамваяў, над гудам грузавіковых сырэн, над гаманой, дзелавой заклапочанасьцю, над скогатам, лязгатаньнем, віттавай пляскай жалеза — над гэтым усім вырас: —
Усьпешчаны ускраінамі сталіцы, для жыхароў неад’емны ў жыцьці, адменны гадзіньнік, што ўведзены цьвёрда ў побыт —
вырас гудкоў — тэмбру густога — гуд: сем гадзін раньня. Рэспублікі.
І праз усё: —
праз лязг мэханічнага крану, праз звар’яваныя ад тэмпу галасы чуу — ня чуў, а здавалася, што чуе — чуў Анатоль чалавечы крык, —