Старонка:Наша сонца (1932).pdf/15

Гэта старонка не была вычытаная

графамі ў розных паветах, сьведчаць якраз аб гэтым-жа. Менавіта цяпер, калі наша нацыя набыла гісторычнае права на самавызначэньне, калі лепшыя сыны нашай нацыі змагаюцца за самавызначэньне… настаў час уважлівага, навуковага вывучэньня народных павер’яў, звычаяў для таго, каб і з гэтай недасьледаванай яшчэ крыніцы ўзяць дыямэнты для далейшага будаваньня і росквіту нашай роднай, нацыянальнай…

Недзе дзынкнула шыбіна. Уварваўся на сцэну вецер, затрэсьліся віттавай пляскай палотнішчы. Профэсар перадзёргнуў плячыма, яшчэ ніжэй адвісла губа, ён глытануў ахаладалага чаю.

І раптам: —

— Цссс!.. Што гэта?

— Гудзіць? Вэрнэр?

Прыхлуплены гуд лузаўся ў набракшую чаканьнем і хваляваньнем цішыню. А ўсьлед за гудам, нібы адказваючы на немыя запытаньні слухачоў, пачуўся трэск (ён быў, відаць, далёка, бо буфет у тэатры быў зачынены, дый корак вылётае з бутэлькі з іншым крыху трэскам).

— Страляюць?

Трэск зноў пачуўся. Яшчэ раз. Бліжэй. Гуд сьціх. А трэск рабіўся часьцей. І — апанавала залю цемра: пагасла электрычная жырандоля. Пагасла жырандоля, а людзі стаялі — прымарожаныя і прыслухоўваліся да трэску, да цемры.

Іларыён Даменікавіч Шастакоў, абмацваючы рукамі кант стала, пайшоў за сцэну. Узьбіўся на груд старое дэкорацыі, балюча выцяў калена аб сьцяну, дзьверы ў прыбіральню рыпнулі танклява, ён нават спужаўся гэтага рыпу. У прыбіральні доўга шукаў таго крэсла, на сьпінку якога павесіў крылатку. Нарэшце знайшоў. Апрануўся. Трымаючыся за сьцяну — вышаў у залю. Нехта сунуў у самы твар запалку.

— Гэта вы, профэсар?

Профэсар нездаволена адказаў плаксівым тонам:

— Ну, а хто-ж? Я і ёсьць. Пойдземце, грамадзяне. Лекцыю адкладзем на…

Тады ўсе пайшлі да выхаду.

Трэск пераростаў на вуліцы ў звычайныя стрэлы.