— Развал, чысты развал!
— Панаваньне п’янага Гойкі!
— А хто ня робіць, як рабіць сьлед, той ня вораг?
— Правільна! Вораг!..
Ішлі да трыбуны — з розных канцоў залі ішлі да трыбуны комсамольцы. І кожны сказаць хацеў, выказаць сваё, набалеўшае. Агульнае, за што выступалі, за што грудзьмі станавіліся, зьяднала іх, і вырасла я гэтай зьяднанасьці — дысцыпліна масы, дысцыпліна колектыву.
— Рабочых мала. Гэта ведаюць усе, — сказаў адзін з іх. — Але гэта яшчэ не азначае, што трэба рабіць дрэнна.
— Мы патрабуем ад дырэкцыі звальненьня Гойкі, звальненьня і пакараньня прагульшчыкаў, гультаёў, — было слова другога.
— Досыць дырэктару пакладацца на гэтага майстра — сказаў трэці.
Побач з Несьцярэнкам вырасла постаць Карновіча, гарманіст Санька ішоў на сцэну, крычачы нешта Шастакову. І тады Шастакоў, перамагаючы гуд галасоў, крыкнуў:
— Цішэй, таварышы! Слова даю…
— Комсамольцы мэханічнага цэху абвяшчаюць сябе ўдарнікамі. Каб зьліквідаваць прарыў, які пагражае з кожнай гадзінай павялічыцца, — чытаў Санька, — мы будзем працаваць без выхадных дзён, а дваццаць чатыры чалавекі будуць працаваць тры дні ў пяцідзёнку па дзьве зьмены. Усё!
У роіле чалавечых целаў убачыў Шастакоў расчырванелае дырэктарава аблічча і крыкнуў да яго:
— Калі ўжо я зрабіўся старшынёю сходу, дык прапаную, каб выказаўся Шыхтэр.
Сьціх натоўп. Гарачая цішыня ў жмут зьвязала паветра. І Шыхтэр, ушчэнт зьдзіўлены нязнанай яшчэ на заводзкіх сходах дысцыплінаванасьцю, адно і сказаў:
— Нічога ня маю… Я, прызнаюся, зьдзіўлены ўсім, што чую і бачу. Калі можна, падпішэце маё прозьвішча пад пастановай комсамольцаў.