Адказам былы: усяўладныя воплескі, апісаць якія дужа цяжка, бо слоў ня знойдзеш, а хоць і знойдзеш, дык усё-ж іх будзе мала.
10
Першы раз у жыцьці прышлося профэсару кінуць «чыстую» сваю навуку і заняцца політыкай. І заняўся профэсар ёю — здрадлівай фортунай, заняўся, а целам профэсаравым заняліся хваробы.
— Раматус, раматус… Бязумоўна і ішыяс…
І тады, як пісаў сваё пакаяньне, успомніў на сына — (зашчаміла сэрца — ад болю, ад сораму?) — і патрэба пільная прышла ўбачыцца з ім.
Ён чакаў позна, але Анатоль прышоў не адзін: профэсар чуў з Анатолявага пакою ўзбуджаныя галасы. Профэсар пазнаў: у Анатоля быў Бурлак. І, адганяючы сорам, шчыльна вухам прыпаў да сьцяны профэсар, прыпаў і чуў:
— Мы разьмеркавалі ў інстытуце ўсе тэмы, — казаў Бурлак. — І вось засталася адна. Аб нацдэмаўскай концэпцыі гісторыі мастацтва, — і далей нібы растлумачыў: — аб Шастакове.
— Ты бярэш? — азваўся Анатоль.
Пасьля караценькае паузы:
— Не магу ўзяць, бо еду праз тыдзень адсюль. Ніяк не магу. Вось варта-б было…
— Мне? — усхвалявана запытаў Анатоль, і профэсар тут, за сьцяной, захваляваўся таксама.
— Так, табе трэба ўзяць, Анатоль. Кажаш, бацька? Тым лепш, тым больш пераконваць будзе. Бяры.
Адчуў профэсар, што замуціла ў галаве і сьвятло ў ваччу затанцавала рытмічнымі кругамі. Ён наважыўся адыйсьці ад сьцяны, ступіў раз, другі, і — здрадзілі сілы профэсару.
— Раматус, раматус… Бязумоўна і ішыяс… — мільгнула ў слабеючых думках, а ў голас сказаў — вярней: прахрыпеў ён:
— Нэня!…