Разам з прафэсаравым целам бразнулася аб падлогу крэсла, і рэхам азвалася гэта падзеньне па прыціхшых пакоях.
Кінуўся Анатоль да дзьвярэй, прабег праз сталовую і…
— Вам тут ня месца, малады чалавек.
— Адкуль вы ўзяліся?
Перад ім стаяла старая жанчына, з пагорбленым крышачку станам, але за ахонам гадоў, за мярэжнай хусьцінкай, ушчэнт накрухмаленай, усё-ж спазнаў Анатоль Эну Карлаўну.
— Адкуль вы ўзяліся?
Старая выпрастала стан, і ўбачыў Анатоль: знаёмым сьвятлом — пагарды і нянавісьці — бліснулі яе вочы.
— Я з профэсарам заўсёды ў цяжкія моманты яго жыцьця. Гэта час ведаць, малады чалавек.
З-за сьпіны Эны Карлаўны зірнула на Анатоля перапалоханая Марыля, і тады Анатоль пакончыў са сваёю здэтанаванасьцю:
— Што з бацькам?
Ён зноў наважыўся прайсьці ў бацькаў пакой, але на дарозе стаяла — ня кратаючыся — Эна Карлаўна.
— Малады чалавек, словы раняць сэрца, а нож — цела… Помніце гэта? — і ў самыя Анатолевы вочы ткнула яна аголеную па локаць руку: на ёй — на гэтай руцэ — быў сіняваты рубец. — Анатоль адхіснуўся.
— Што з бацькам?
— Ідзеце адсюль! — валадарчым голасам — рэзка — сказала старая. — Ідзеце і ня прыходзьце, бацькапрадавец.
І Анатоль вышаў. Вышаў і зразумеў:
Калі крычыць Рэспубліка маладому свайму пакаленьню:
— Трывога! На франты пяцігодкі! —
калі б’ецца Краіна за выкананьне плянаў індустрыі —
тады мізэрнай павінна быць туга па роднай, сваёй крыві, тады няма родных, сваіх — а ёсьць: кляса.