Старонка:Наша сонца (1932).pdf/16

Гэта старонка не была вычытаная

2

У вокнах было сьвятло.
Профэсар прыпыніўся на тротуары, зірнуў на вокны, убачыў незнаёмы махнаты цень на фіранцы — цень хістаўся, крывіў свой вырыс (у пакоі, відаць, палілі сьвячу).

Раней чым пазваніць, профэсар азірнуўся, — азірнуўся і ўбачыў профэсар: з боку рынку плыве хмара — цяжкая і няўхлюдная хмара, а край яе падплываў барвовым полівам: — над рынкам разгойдвалася полымя (гарэў, відаць, рынак). Сюды, у завулак, даносіўся лемант, рып і трэск — момантамі гэта ўсё заціхала і наступала жахлівая, нявыносная цішыня.

Профэсар націснуў званок. Ніхто не азваўся. Ён безразважна шпурнуў кійком дзьверы, яны ціха адрыпелі ў цёмны калідор, зьдзіўлены профэсар падняўся па ўсходцах.

У дзьвярох сустрэў яго Анатоль.

— Цішэй, татусь, з Лёвам няпрыемная гісторыя, — і ён паківаў выцягнутым угару пальцам, дакрануўся пальцам да вуснаў.

У суседнім пакоі былі людзі. Профэсар прайшоў да дзьвярэй, рукой адгарнуў порт’еру і застыў — здэтанаваны.

На канапе ляжаў Леў з перавязкай галавой — на перавязцы выступіла кроў, кроў была чорнай, — у пакоі чадзіла сьвяча, цьмяным было сьвятло. Так вось — а ў вачох: белы, амаль парцалянавы твар сына і чорная крывавая пляма на павязцы, на гэтай пляме нярухома застыў русявы кудзер — так вось застыў ля дзьвярэй профэсар.

Да яго падыйшла — зусім нячутна, нібы не дакранаючыся падлогі — высокая жанчына (абветралы твар, узьбітыя ўгару валасы) і ціха сказала:

— Добры вечар, профэсар!.. Лёву куды лепш, чым было раней, ён заснуў…

— Чым было раней?.. — мэханічна перапытаў профэсар, і тады ўспомніў, што яшчэ ня зьдзеў крылаткі.

Ён наважыўся выйсьці, павярнуўся і стрэўся позіркам з Анатолем. Той, прытаіўшы дыханьне, пазіраў на бацьку, меўся нешта сказаць, не адважваўся, здавалася.

— Ідзі, Толік, спаць, позна ўжо… — павесіў крылатку на цьвік пад портрэтам Бонапарта. — Ты вячэраў, Толік?