Старонка:Наша сонца (1932).pdf/17

Гэта старонка не была вычытаная

— Вячэраў, татусь…

— Вячэраў? Гм… А вось я яшчэ нічога ня еў, прыдзецца пачакаць на Лёву, ён зноў недзе забавіўся…

— Татусь!..

Профэсар успомніў. Ледзь асьвятлёны сьвечкай з суседняга пакою Бонапарт на портрэце крыва ўсьміхаўся ў профэсараў твар. Тады ён пайшоў зноў у пакой, дзе ляжаў сын, але на гэты раз сказаў першым:

— Лёва сьпіць… А… вы… У чым, між іншым, справа, га?

Высокая жанчына (абветралы твар, узьбітыя ўгару валасы) адказала:

— Ля Паліцэйскага ў яго стрэлілі за крокаў дзесяць. Мы гэта ўсе бачылі. Тры кулі, адна за аднэй…

— Стралялі вэрнэраўцы? — чамусьці запытаўся профэсар.

Цень — незнаёмы махнаты цень, што быў кагадзе на фіранцы — хіснуўся па сьцяне, — жанчына адмоўна пакачала галавой.

— Стралялі салдаты…

Профэсар зразумеў. Ён цяжкімі, зморанымі крокамі — ад самага тэатру ён ішоў пешкам, рамізьнік некуды зьнік, на’т не чакаў на грошы — пайшоў з пакою. У сталоўцы, седзячы на крэсьле, спаў Толік. Профэсар пацалаваў яго ў лоб, прайшоў у габінет, прыпыніўся ля стала, пазьвягаў сухімі пальцамі, пачаў сьцягваць з сябе фрак — у габінэце запахла нафталінам.

— (Профэсар хварэў на бяссоньне). —

У вакно паўзьлі склізкія вусені золку; яны распаўзаліся па габінэце, залазячы ў самыя сукрытыя шчыліны. Паўзьлі ў вакно склізкія вусені золку, склізкім было няпэўнае сьвятло сьвітаньня.

3

Наступныя дні вецер зноў ішоў з ракі: — разносіў па горадзе навалу пяску, засохлага лісьця, патыхаў вецер лугавіньнем — чарнобыль, чарот, чабор, рута-мята (клясычныя расьліны!), вецер настойліва дбаў ўсё пра адно і тое-ж: восень.