Старонка:Наша сонца (1932).pdf/18

Гэта старонка не была вычытаная

Новую забаву знайшоў сабе вецер на вуліцах гораду: крэмсаў, гайдаў, драпаў, ірваў ён каляровыя палотнішчы штандараў, — іх — штандараў — была безьліч, і, здавалася, што павеўная пэрспэктыва каляруецца, набракае крывёю.

І былі людзі пад каляровымі штандарамі.

Ля рынку — рынак гарэў уначы, і вось цяпер панорама яго была бязладнай: брук апудраны быў попелам ды вугольлем, мукой ды сольлю — ля рынку, на пляцы, пасярод якога стаяў бронзавы Аляксандр III («Император русский, король польский, князь финляндский и проч., проч., проч.») без галавы, бо яе ў лютым ампутавалі без наркозу і нейкі салдат, узьдзеўшы галаву (пустую) на штых (трофэем пераможцы), дэмонстраваў з ёю па вуліцы, аж покуль яна не звалілася ў вулічны бруд; тады гэтую галаву «самодержца» знайшлі галапузыя, гулялі ў лялькі, абвязвалі хусткай, пялюшкавалі (псыхіка дзеўчынкі спакон веку накіроўваецца людзьмі ў адзін і той жа бок); дык вось на пляцы зьбіраўся народ са штандарамі, з шырокімі кавалкамі крамніны, густа ўмаляванымі літарамі (аб гэтых, напэўна, кавалках крамніны крышку раней тужыла бабулька з «Дванаццаці» Блока), голасна гаманілі людзі — сьвяточныя, чыста ды прыгожа прыбраныя.

З боку кашараў плыў на натоўп грузавік. І на ім былі каляровыя штандары, і на ім былі людзі — іх было няшмат, чалавек дзесяць. Твары ў дзесяці былі бледымі, з зялёнымі падцёкамі каля вачэй: — людзі забыліся на сон у гэтыя дні, — бледым, з зялёнымі падцёкамі каля вачэй быў і твар шофера; людзі на грузавіку выкрыквалі ў натоўп лёзунгі, размахвалі рукамі, а шофэр выціскаў з свае глоткі важкія і з гэтай прычыны — цяжкія, бы пах бэнзынавага перагару, зрыгі псямацьканьня на адрас хлапчукоў, якія мужна атакоўвалі грузавік.

Гэта тады паплылі горадам —

імем вялікай! беларускай рады,
імем часовай цэнтральнай беларускай рады,
імем беларускага спаўняючага камітэту
заходняга фронту,
імем беларускай соцыялістычнай грамады,
імем беларускай народнай партыі соцыялістаў