Старонка:Наша сонца (1932).pdf/19

Гэта старонка не была вычытаная

— паплылі горадам словы лістовак (іх уначы прывезьлі таварным, на скрутку быў надпіс: «Осторожно. Воспламеняется»):

«… Браты-беларусы, працоўны народ, сыны зямлі і абаронцы вольнасьцяў Бацькаўшчыны!..»

Плылі гэтыя словы горадам — мутнаю страмнінаю бульварных газэтак — плылі словы, і гэтае адно — Бацькаўшчына — няўхільна пачыналася вялікай літарай «Б».

— Прамоўнічалі людзі з бледымі тварамі, з зялёнымі падцёкамі каля вачэй:

— Вялікая! беларуская рада… верыць у сілу і мудрасьць беларускага народу, у руках каторага вялікая будучыня вольнай Беларусі, воля, зямля і згода.

Прамоўнічалі людзі, а натоўп бязудзельных зявак — шчыльным ланцугом наўкола прамоўцаў — крычаў, маўчаў, аплёдыраваў, і на тварах людзей, на абліччах нацягнута была ды глуха зашпілена на ўсе гузікі проформа ўрачыстасьці.

Прамова канчалася. Чалавек размахваў шапкай. Дзесяткі два людзей па камандзе крычалі — «гуррра!», зноў гэтае адно — Бацькаўшчына — няўхільна пачыналася вялікай літарай «Б».

З боку кашараў плылі на натоўп фаетоны. І на іх ужо былі звычайныя людзі — пульхнашчокія, ружовыя, — гэтыя людзі спалі ўсе ночы звычайным сваім сном. Людзі на гэтых фаетонах былі звычайнымі — у фрачных парах, накрухмаленых камізэльках, з пазлачанымі pence-nez, — яны ня ладзілі мітынгаў, а толькі памахвалі насоўкамі — белымі (накрухмаленымі), у гарошак, з пасачкамі, — людзі на гэтых фаетонах толькі памахвалі насоўкамі — белымі (накрухмаленымі), у гарошак, з пасачкамі, — людзі крычалі на ўсіх вуліцах адно і тое-ж:

— Няхай жыве вялікая! беларуская рада!

— Віват вольнай бацькаўшчыне!

— Віват!..

Кашары маўчалі.