Старонка:Наша сонца (1932).pdf/21

Гэта старонка не была вычытаная

засьмяяўся ціхенька-ціхенька, але і ў рогаце домінавалі ноткі гіроніі: іх было больш, чым дабрадушнага гумару.

— Дык чым хужэй за цябе Тараймовіч, татусь?

Профэсар — (Тараймовіч, бібліотэкар музэю, быў пэдантычным чыноўнікам, працаваў «ад—да», праз усе гады сваёй службы пранасіў мундзір сіняватага колеру з пазлачанымі гузікамі, і каўнер мундзіра падпіраў Траймовічаў твар) — любіў пацяшацца над бібліотэкарам, моцна, да фізычнага болю ня любіў яго. Вось чаму параўнаньне, ужытае Лёвам, расхістала хронічную нэрвовасьць: профэсар задрыжэў, векі ў момант пачырванелі.


— Леў, гэта дзяржаўная служба, гэта… гонар мне, старому этнографу, старэннаму працаўніку, а ты… Эх, Лёва! — Махнуў профэсар рукой і — дрыжэла ўсё цела — пайшоў да дзьвярэй.

Не абярнуўшыся, трымаючыся за порт’еру, сказаў абыякава, спакойна:

— За Толікам прыгледзіць Эна… А ты… як сам хочаш.

Колькі часу ніяк не маглі супакоіцца складкі порт’еры: бегалі па іх хіжыя цені.

5

У профэсаравай кватэры ўраз нарадзіліся — і так, нарадзіўшыся аднойчы, засталіся надоўга — новыя парадкі.

Парадкі-ж складаюцца: з сьвятла (афарбоўкі яго), гукаў, пахаў і рухаў. Гэта ўсё — сьвятло (афарбоўка яго), гукі, пахі і рухі — зьявіліся з новай гаспадыняй, намесьніцай профэсара — Энай Карлаўнай. Наўрад ці знайшоў-бы аматар выяўленчага мастацтва — жывапісі — постаць, ці хоць бы твар, на палотнах большай ці меншай славы майстроў, каб гэтая постаць, ці хоць-бы твар быў падобны на Эну Карлаўну. Яна была апошнім — авохці, трагічным! — романам профэсара. Трагічным таму, што профэсар — цела друзьлела — ня здолеў як сьлед адказаць на гарачае каханьне Эны, яна была абражана нячульлівасьцю мужчыны (— а профэсару было за пяцьдзесят), а ён чырванеў і пакутваў, абліваючыся потам, нібы сарамяжы падлетак.