Старонка:Наша сонца (1932).pdf/22

Гэта старонка не была вычытаная

Так ці інакш, а Эну Карлаўну суседзі — і па-за вугальлі і ў твар — называлі профэсаравай прыжывалкай, яна не зьвяртала на характарыстыку жаднай увагі, і па начох — тады абуджалася похаць — яе саракагадовае цела аддавалася маладзенькім студэнтам, паштовым чыноўнікам, армейцам (звон шпораў і пушок над верхняй губой).

Эна — аб ёй Корын Міхоэліс сказала-б: небясьпечны ўзрост — ад усяе сілы хапалася за маладосьць, за гады, што праходзілі ў нябыт, а маладосьць — гэта былі: студэнты, паштовыя чыноўнікі, армейцы (звон шпораў і пушок над верхняй губой).

Два дні Эна не ўваходзіла ў пакой, дзе ляжаў Леў. Яна занялася выключна Толікам, і тры разы на дзень гаварыла яму:
— Схадзі, Толя, да Льва Іларыёныча, занясі сьнеданьне (абед, вячэру — гэта мяркуючы ад выпадку).

Два дні Эна не ўваходзіла ў пакой, дзе ляжаў Леў. Але вечарам трэцяга дня ён быў зьдзіўлены, калі ўбачыў выпудраны яе твар над сабой. Усьмешка — ёй пазайздросьціла-б нават Сакунтала — цнатлівая ўсьмешка ляжала на вуснах.

— Ну, Леў Іларыёныч, вам значна лепш… Я не памылілася?

Леў нават сеў ад цёплага тэмбру голасу Эны. Яна села на ложак, адгарнуўшы крыху прасьціну.

— Толя сьпіць, — сказала яна.

Леў адсунуўся няпрыкметна да сьценкі.

— І што далей, Эна Карлаўна?

Раптам яна пасунулася бліжэй, абхапіла яго рукамі, прыціснулася ўсім целам. Цела — вялікае, наліванае тлустасьцю, але добра, відаць, трэніраванае — калацілася дробнай, наднай дрыготкай: цела было блізка — нахабнае, пульхнае, вялікае, але ўсё-ж — вось гэтае ўсё-ж! — наднае.

— Лёва, ну…

Ён паспрабаваў вызваліцца ад цэпкіх Эніных рук, ад дурманячага водыру яе цела, але жаночае цела моцна навальвалася на яго, калацілася дробнай, наднай дрыготкай.

— Не гані, Лёва, мяне… чуеш? — і ўжо шаптала на вуха ціха-ціхенька спакусныя словы, выказвала жаданьні.