Старонка:Наша сонца (1932).pdf/24

Гэта старонка не была вычытаная

ўрадлівых палетках, што песьні складалі, і пелася ў гэтых песьнях пра бяду: бяда спаць ня хоча, чалавек ідзе шукаць долі-волі сярод людзей, прыходзіць, змардаваны і зьнясілены, дахаты, і гэтая бяда ашчэрваецца зноў на яго: «Дзе гуляў, няцнота?» — а беларускіх працоўных замянілі прадстаўнікі… земскіх камітэтаў (— даніна Керанскаму).

Заля, дзе пасядаў конгрэс, купалася ў белых (з чырвоным нэрвам) сьцягох, і гэта было дужа дзіўным: дзьве-ж навальніцы адгрымелі ў былой Расійскай імпэрыі, дзьве-ж адгрымелі навальніцы гэтай першай вясной расійскай рэволюцыі.

І на адным з паседжаньняў раздаўся голас:

— Я прапаную замяніць белыя сьцягі чырвонымі!

Калі раздаўся ў залі гэты голас, тады адбылося тое, што запісана ў летапісах «бацькаўшчыны». Генэрал Кандратовіч — ён быў у прэзыдыуме конгрэсу — узьняўся з месца, бліснулі генэралавыя вочы бляскам гузікаў генэралавага мундзіру, ён падыйшоў да белага сьцягу і, схіліўшы галаву, пацалаваў гэты кавалак белае крамніны.

Заля захлынулася воплескамі: аплёдыравалі пярэднія шэрагі — гонар! «бацькаўшчына».

Тут быў і профэсар Шастакоў. За пярэднімі шэрагамі аплёдыравала і большасьць дэлегатаў.

— Няхай жыве рада, няхай жыве вольная бацькаўшчына! — крыкнуў профэсар Шастакоў.

Профэсара качалі, і сьмешна цялепаліся ў паветры фалды ягонага фрака.

Праходзілі дні. Абласны выканаўчы камітэт прыслаў у залю паседжаньня конгрэсу сваіх дэлегатаў. Заля шумела. Толькі жменька дэлегатаў — гонар! «бацькаўшчыны» — слухала профэсара Шастакова. Дзьверы расчыніліся з грукатам. Усе павярнуліся, каб паглядзець на прышоўшых, павярнуліся з нейкай захаванай надзеяй, што прышлі дэлегацыі, якія неразумна пакінулі конгрэс (частка дэлегатаў праз меру разумна зьбіла прадстаўніка Віцебскага сялянскага зьезду, што прачытаў дэклярацыю аб адкліканьні віцебскіх дэлегатаў-сялян), павярнуліся і ўбачылі незнаёмых людзей.

Іх было няшмат. Яны былі ўзброенымі. Наперадзе гэтай няпрошанай дэлегацыі ішоў чалавек у пашарпанай дзя-