Старонка:Наша сонца (1932).pdf/26

Гэта старонка не была вычытаная

на падлогу, і праз колькі сэкунд зноў дробненька рагатаў — так здавалася — ён на столі.

«Зайку» злавіць было немагчыма, і гульня неўзабаве абрыдзела. Толіка зноў пацягло да хлапцоў. Ён абыйшоў усе пакоі. Эны Карлаўны ня было. Тады ён борзда зьбег па прыступках і апыніўся на панадворку. У нерашучасьці прыпыніўся ля дзьвярэй, трымаючы ў руках нож. Пучкі сонца разьбягаліся радыюсамі.

— Гэта профэсараў сын, — заўважыў адзін з гульцоў.

— Хадзі да нас.

Толік падыйшоў бліжэй.

— Давай тваім ножыкам згуляем. Будзеш гуляць?

Няўмелымі рукамі Толік зрабіў «вілачкі». Нож бліснуў на сонцы, царапнуў зямлю і лёг на ўсё лязо.

— Двух пальцаў няма, — падставіўшы пад нож пальцы, сказаў чарнявы. — Мая чарга цяпер.

— А на што вы гуляеце? — запытаўся адзін з гульцоў. У яго не хапала пярэдніх чатырох зубоў.

— На што мы гуляем? Ай, праўда, мы-ж ня ўмовіліся.

Толік маўчаў, толькі міргаў вачыма: ён не разумеў, прасьцей ня ведаў, што гуляць трэба нашто-небудзь.

— Я на сьвісток буду гуляць. А ты?

Толік аж пачырванеў.

— Ня ведаю…

Бяззубы тады прапанаваў:

— Гуляйце на ножык.

Чарнявы ўжо вёў партыю, нават ня спытаўшы, ці згодзен Толік гуляць на нож. За «вілкамі» ішлі «каленка», «зубкі», «барада», «галава» і толькі на апошнім ходзе чарнявы прамазаў. Бяззубы скрывіў рот усьмешкай.

— Што-ж ты паддаешся?

— Бывае абмах. Адгуляюся, — сур’ёзна адказаў чарнявы.

Праз колькі часу гульня скончылася: прайграў Толік. Чарнявы бяз лішніх слоў забраў у яго нож, схаваў у кішэню і наважыўся было ісьці. Толік раптам запротэставаў:

— Аддай нож. Эна Карлаўна будзе сварыцца.

Чарнявы засьмяяўся.

— Як гэта аддаць?