Старонка:Наша сонца (1932).pdf/28

Гэта старонка не была вычытаная

Па краіне веялі вятры.

І тады — у тыя гады (дзевятнаццаты і дваццаты) людзі забыліся на навукі, на мэтэоролёгію: вецер веяў у невядомых кірунках, непазнаных яшчэ дагэтуль, і пад гэтым ветрам зьмяняліся абрысы зямлі (закон аб рацыяналізацыі сусьвету аказаўся нявечным!), старамодны пакрой хмар ня вечным быў — былі новыя хмары — дымавыя заслоны, — нявечнай была і зямля — яна цьвіла — цьвіла, хоць і не малахітамі, а рубінамі, караламі: — рубінамі і караламі ХХ стагодзьдзя: выбухамі, крывёю, агнём з гарматных жоралаў.

Цяжка было зразумець — дый гэтага ў тыя гады (дзевятнаццаты і дваццаты) ніхто і ня важыўся зразумець — цяжка было зразумець, дзе нараджаўся вецер, і, раз нарадзіўшыся, куды трымаў ён кірунак. Адно толькі лёгка было зразумець: усе вятры аднолькавыя — і з поўначы, і з поўдню, і з захаду, і з усходу прыносілі гэтыя вятры адно і тое-ж — выбухі, кроў, агонь з гарматных жоралаў[1].

Вятры нараджаліся раптоўна: каля любога мястэчка, каля любога гораду. І гэтак-жа раптоўна нараджаліся на парканах местачковых і гарадзкіх вуліц плакаты. Крычаў з плакатаў чалавек — стандарт чалавека:

„СТОЙ! ТЫ ЗАПИСАЛСЯ ДОБРОВОЛЬЦЕМ?!“

І як вятры — раптоўна ўзьнікаў голад, — і ён (голад) ня меў адмысловых кірункаў. Быў голад і была: сыць. Сыць пачыналася пры пачатках эвакуацый: разьбівалі склады, рассыпалі па бруку (па гразі) — муку і соль, — гэта сыць была зьвярынай, вокамгненнай і — з гэтай прычыны, з гэтых дзьвюх прычын — хімернай.

І была яшчэ сыць, сыць другога гатунку, сыць крыві. Набракала зямля крывёю, набракала ропай (— добра расьце трава на ўгноенай чалавечымі целамі зямля —): зямля стагнала, паварочвала свае няўхлюдыя бакі, стагнала зямля ад крывяной сыці. Усё зьмянілася на зямлі, засталіся толькі нязьменнымі: вятры, кірункі вятроў; вёсны і малахіты (— праўда, малахіты ператварыліся раптоўна ў рубіны, і гэта не таму, што адрадзілася алхэмія, а толькі таму, што

  1. Былі людзі, яны разумелі: гэты вецер нарадзіўся на Захадзе, у Эўропе.